Папа Францішак стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага, якая штогадова ўручаецца нямецкім горадам Ахен за ўклад у аб’яднанне Еўропы і абарону еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Папа скіроўвае пасланне надзеі і падтрымкі ў крызісны момант, калі на другі план былі адсунуты ўсе набыткі працэсу інтэграцыі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні з нагоды прысуджэння ўзнагароды. Журы прэміі адзначыла Святога Айца за «цудоўныя пасланні і знакі, якія нясе яго пантыфікат на карысць міру і паразумення, спачування і талерантнасці, салідарнасці і абароны стварэння». Папа з’яўляецца «голасам сумлення», які ставіць у цэнтр чалавека, а таксама «надзвычайным маральным аўтарытэтам», сказана ў паведамленні.
Уручэнне ўзнагароды адбудзецца ў 2016 г. у Рыме. Канкрэтная дата падзеі яшчэ не абвешчана. Традыцыйна цырымонія праходзіць у гарадской ратушы Ахена ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана.
Журы прэміі асаблівым чынам адзначыла «гістарычную прамову» Папы Францішка ў Еўрапейскім Парламенце ў лістападзе 2014 г., у якой Святы Айцец заклікаў палітыкаў абапірацца на ідэалы заснавальнікаў Еўрасаюза і рабіць свой унёсак, каб не змарнаваць вялікага патэнцыялу, які мае ў сабе еўрапейская ідэя.
Прысуджэнне Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага з’яўляецца важнай палітычнай падзеяй у Германіі. Яна ўручаецца з 1950 г. Раней яе лаўрэатамі станавіліся: канцлеры Германіі Конрад Адэнаўэр (1954), Гельмут Коль і Прэзідэнт Францыі Франсуа Мітэран (1988), заснавальнік супольнасці «Taize» брат Ражэ (1989), Ангела Меркель (2008), Прэзідэнт Чэхаславакіі Вацлаў Гавел (1991), міністр замежных спраў Польшчы Браніслаў Герэмек (1998), прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тоні Блэр (1999), Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан (2000), французскі палітык Валеры Жыскар д’Эстэн (2003), прэм’ер-міністр Люксембурга Жан-Клод Юнкер (2006). У 2010 г. лаўрэатам прэміі стаў заснавальнік экуменічнай «Супольнасці святога Ігідзія» Андрэа Рыкардзі, у 2014 г. – старшыня Савета Еўропы Герман ван Ромпей, у 2015 г. – старшыня Еўрапейскага Парламента Марцін Шульц.
У 2004 г. прэмія была прысуджана адразу дзвюм асобам: «за ўклад у аб’яданне нашага кантынента» яе атрымаў Ян Павел ІІ, а другім лаўрэатам стаў тагачасны старшыня Еўрапарламента Пэт Кокс.
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, каментуючы прысуджэнне Святому Айцу гэтай прэміі, нагадаў, што Папа Францішак раней ніколі не прымаў прэмій і ўзнагарод, прызначаных яго асобе. Такім чынам гаворка ідзе пра выключную падзею.
У размове з ім Пантыфік заўважыў, што бачыць у прысуджэнні прэміі нагоду для таго, каб яшчэ раз сказаць аб міры, каб супольна маліцца аб міры, каб заклікаць Еўропу да дзейнасці на карысць міру, як унутры сваіх межаў, так і ва ўсім свеце.
Іншым значным аспектам сёлетняй Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага з’яўляецца той факт, што яна была ўпершыню прысуджана асобе, якая не паходзіць з Еўропы. Па словах а. Ламбардзі, такім чынам быў адзначаны заклік Святога Айца аб глабальным пакліканні Еўропы, скіраваны з трыбуны Еўрапейскага парламента. Папа нагадаў еўрапейцам аб неабходнасці дзейнасці на падставе каштоўнасцяў павагі да чалавечай асобы, салідарнасці з усімі народамі, будавання міру – каштоўнасцяў, на якіх нарадзілася ідэя адзінай Еўропы. Папа паказвае еўрапейскаму кантыненту яго больш глыбокае і шырокае пакліканне, пераканы кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Айцец Фэдэрыко Ламбардзі нагадаў, што Ян Павел ІІ, які атрымаў Міжнародную прэмію імя Карла Вялікага ў 2004 г., таксама быў «вялікім Папам міру», натхняльнікам Еўропы з «двума лёгкімі», прымірэння, адзінства паміж усходам і захадам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|