Папа Францішак: «Адмовіцца ад фальшывага нейтралітэту, які перашкаджае ўзаемнаму абмену» | Друк |
Святы Айцец
01.01.2016 17:17

«Ласка Хрыста стымулюе нас стаць Яго супрацоўнікамі ў пабудове свету, што з’яўляецца больш справядлівым і братнім, дзе кожны чалавек і кожная істота могуць жыць у спакоі, гармоніі першапачатковага Божага стварэння», – сказаў Папа Францішак падчас Імшы ў ватыканскай базыліцы 1 студзеня, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі.

Каментуючы літургічныя чытанні, Святы Айцец падкрэсліў, што паўната часу – гэта рэалізацыя гісторыі праз прыйсце Хрыста, асабістую прысутнасць Бога ў гісторыі. Папа адзначыў, што паўната часу, здаецца, разбураецца ў абліччы шматлікіх форм несправядлівасці і насілля, якія штодзённа прыносяць шкоду чалавецтву; але гэтая вялікая хваля не можа зрабіць нічога супраць акіяну міласэрнасці, які залівае свет.

«Мы ўсе пакліканы паглыбіцца ў гэты акіян, каб адрадзіць сябе, пераадолець абыякавасць, што перашкаджае салідарнасці, і адмовіцца ад фальшывага нейтралітэту, які перашкаджае ўзаемнаму абмену», – сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Марыя з’яўляецца Сталіцай Мудрасці, з якой трэба чэрпаць для паслядоўнай інтэрпрэтацыі вучэння Езуса і разумення сэнсу падзей, якія тычацца асабіста нас, нашых сем’яў, нашых краін і ўсяго свету.

«Абдымі нас сваім благаслаўленнем у гэты дзень, прысвечаны Табе. Адкрый нам аблічча Твайго Сына Езуса, які дае ўсяму свету міласэрнасць і спакой», – звярнуўся да Маці Божай у завяршэнне сваёй гаміліі Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by