Папа Францішак будзе абвяшчаць малітоўныя інтэнцыі ў відэазапісах | Друк |
Святы Айцец
05.01.2016 14:29

Пачынаючы са студзеня, Папа Францішак будзе давяраць свае традыцыйныя штомесячныя малітоўныя інтэнцыі з дапамогай адмысловага відэапаслання. Першы відэазварот Святога Айца будзе распаўсюджаны 6 студзеня, паведаміў кіраўнік таварыства «Апостальства малітвы» айцец езуіт Фрэдэрык Фарнос.

Святар распавёў, што малітоўныя інтэнцыі Пантыфіка тычацца актуальных выклікаў, якія стаяць перад чалавецтвам. Відэапасланні, у сваю чаргу, дапамогуць лепш пазнаёміцца з імі і мабілізаваць вернікаў да малітвы ў інтэнцыі іх вырашэння.

Айцец Фрэдэрык Фарнос адзначыў, што Папа Францішак будзе абвяшчаць малітоўныя інтэнцыі на сваёй роднай іспанскай мове, а перакладацца яго словы будуць на дзесяць іншых моваў з дапамогай субтытраў.

Штомесячныя відэапасланні будуць запісвацца ў высокай якасці, «з вялікай таленавітасцю і крэатыўнасцю». Яны будуць распаўсюджвацца праз сацыяльныя сеткі «Facebook», «Twitter», «Instagram», «Youtube».

«Гэта будуць відэа, у якіх сам Папа будзе прамаўляць і дапамагаць нам маліцца з ім у інтэнцыі гэтых выклікаў чалавецтва», — дадаў святар у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by