Прэзентацыя кнігі-інтэрв’ю з Папам адбудзецца ў Рыме | Друк |
Святы Айцец
08.01.2016 17:16

Прэзентацыя кнігі, якая ўяўляе сабой запіс размовы вядомага італьянcкага журналіста Андрэа Тарньелі з Папам Францішкам, адбудзецца 12 студзеня ў Рыме. Кніга пад назвай «Імя Бога — Міласэрнасць» (Il nome di Dio è Misericordia) выйдзе ў выдавецтве «Piemme».

На прэзентацыі будуць прысутнічаць Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін і кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду а. Фэдэрыко Ламбардзі, а таксама былы будыст з Кітая Чжан Джанквінг і вядомы італьянскі акцёр Рабэрто Беніньі.

Як заявілі раней ў выдавецтве «Piemme», у кнізе-інтэрв’ю Святы Айцец звяртаецца да кожнага чалавека на планеце ў простым і глыбокім дыялогу. Папа ўздымае пытанне міласэрнасці праз свой асабісты досвед святара і пастыра, тлумачыць прычыны абвяшчэння Святога Года Божай Міласэрнасці, які пажадаў прысвяціць усім людзям, у Касцёле і па-за яго межамі, якія шукаюць сэнсу жыцця, шляху спакою і прымірэння, гаення духоўных ран. Гэтая кніга-інтэрв’ю — сінтэз вучэння Папы Францішка і яго пантыфікату, гаворыцца ў заяве.

Гэта будзе першае такога роду аб’ёмнае інтэрв’ю з Папам, выдадзенае ў фармаце кнігі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by