Папа ў кнізе-інтэрв’ю: Касцёл не для таго, каб асуджаць свет, але каб дазволіць яму сустрэцца з велізарнай любоўю | Друк |
Святы Айцец
12.01.2016 21:50

Міласэрнасць з’яўляецца «пасведчаннем» Бога — лейтматыў кнігі-інтэрв’ю Папы Францішка «Імя Бога — Міласэрнасць» (Il nome di Dio è Misericordia), якая ўбачыла свет 12 студзеня. Гэтая кніга, па сутнасці, размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарньелі.

У ёй гучаць 40 пытанняў. Першы асобнік на італьянскай мове быў уручаны напярэдадні вечарам самому Пантыфіку.

Інтэрв’ю было запісана ў ліпені 2015 г. у Доме св. Марты, дзе пражывае Папа, адразу пасля яго вяртання з апостальскага падарожжа ў Эквадор, Балівію і Парагвай. Як успамінае Тарньелі, гэта быў гарачы поўдзень. На стале перад Пантыфікам ляжалі Біблія і кніга з цытатамі Айцоў Касцёла. Размова сканцэнтравалася на міласэрнасці ў кантэксце Надзвычайнага Юбілею, які павінен быў пачацца праз пяць месяцаў.

Папа Францішак прызнаўся, што разуменне Касцёла папярэднімі Пантыфікамі, яго вобраз як «палявога шпіталя» і таго, хто «сагравае сэрцы людзей праз блізкасць і роднасць» — гэта тыя тры фактары, якія прывялі яго да думкі пра неабходнасць Года Міласэрнасці. Сучасны чалавек, як адзначыў Пантыфік, страціў пачуццё граху, што само па сабе сур’ёзная хвароба, але яна вядзе і да іншых «сацыяльных хвароб»: беднасці, выключэння, рабства трэцяга тысячагоддзя, рэлятывізму. І тут не абысціся без міласэрнасці Бога, які «заўсёды застаецца верным», нават калі грэшнік Яго не прымае.

Пантыфік гаворыць пра «ласку сораму», якая можа дапамагчы чалавеку ўсвядоміць яго грэх. Папа кажа таксама пра так званае «апостальства вуха» — здольнасць спаведнікоў «слухаць з цярплівасцю» тых, хто вызнае свае грахі. Сённяшні чалавек шукае таго, хто «гатовы ахвяраваць свой час, выслухаць яго праблемы і цяжкасці», таму споведзь не можа быць ні «хімчысткай», дзе проста змываецца грэх, ні «засценкам», дзе адбываецца допыт, кажа Святы Айцец.

Папа даў параду тым, хто рыхтуецца да споведзі: «паглядзець шчыра на сябе і на свой грэх», каб атрымаць дар Божай міласэрнасці. Святарам, якія спавядаюць, Пантыфік прапанаваў не забывацца пра свае ўласныя грахі, што дазволіць ім слухаць пэнітэнта «з пяшчотай», «не кідаючы ў яго ніколі першы камень». «Касцёл асуджае грэх», але, «у той жа час, атуляе грэшніка, які прызнае свой грэх, прамаўляе да яго з бясконцай Божай міласэрнасцю», адзначае Папа. Касцёл існуе не для таго, «каб асуджаць свет, але каб дазволіць яму сустрэцца з велізарнай любоўю, якой з’яўляецца Божая міласэрнасць».

Святы Айцец заклікаў тых, хто адчаіўся «ў магчымасці прабачэння» і аддаў перавагу «залізванню ран грахоў», не красці ў сябе надзею на вылячэнне. Гэта, па словах Папы, «нарцыстычная хвароба, якая прыводзіць да горычы», прычым чалавек з часам атрымлівае «задавальненне ад гэтай горычы, хворае задавальненне». А лекі, адзначае Пантыфік, простыя – зрабіць крок да Бога ці, па меншай меры, мець жаданне рухацца да Яго. У жыцці самае галоўнае — не «ніколі не ўпасці», а «заўсёды ўстаць».

Адказваючы на пытанне пра гомасексуальных асобаў, Папа патлумачыў, што да гэтых людзей трэба ставіцца тактоўна і не ізаляваць іх. Кожны чалавек — гэта, перш за ўсё, чалавек, «ва ўсёй яго паўнаце і годнасці», якая «вызначаецца не толькі яго гомасексуальнай арыентацыяй», дадаў Святы Айцец. «Я аддаю перавагу таму, каб гомасексуальныя асобы прыходзілі да споведзі, каб заставаліся блізкімі да Бога, каб мелі магчымасць маліцца разам», — сказаў Пантыфік.

Папа шырока выказаўся на тэму барацьбы з карупцыяй, якую назваў «грахом, народжаным сістэмай, што стаў мысленнем і ладам жыцця». Карумпаваныя не каяцца, робячы выгляд, што яны добрыя хрысціяне і не павінны прасіць аб прабачэнні, адзначыў Пантыфік. Карупцыянер ухіляецца ад выплаты падаткаў, звальняе супрацоўнікаў, выкарыстоўвае чорны рынак, патрабуе хабару, а затым можа пахваліцца сваёй хітрасцю з сябрамі ці нават пайсці на нядзельную Імшу, дадаў Святы Айцец. «Грэшнікі — так, карупцыянеры — не!» — падвёў выснову Папа.

Таксама Пантыфік папрасіў не забывацца, што сям’я — гэта «першая школа міласэрнасці», таму што ў ёй «любяць і вучаць любіць, даруюць і вучаць дараваць». Сучасная «глабалізацыя абыякавасці», паводле Святога Айца, можа быць пераможана толькі спагадай.

У канцы кнігі-інтэрв’ю Папа заклікаў да практыкавання ўчынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга, якія заўсёды актуальныя і з’яўляюцца асновай адкрыцця да Божай міласэрнасці. Святы Айцец запрасіў служыць Хрысту ў кожным чалавеку: выключаным, галодным, прагнучым, нагім, зняволеным, хворым, беспрацоўным, бежанцы. У клопаце пра пакінутага, грэшнага, з параненай душой і целам чалавека выяўляецца сутнасць хрысціянства, лічыць Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by