На святкаванне Юбілею Міласэрнасці Святы Айцец запрасіў моладзь у Ватыкан | Друк |
Святы Айцец
15.01.2016 11:07

Папа Францішак запрасіў моладзь прыбыць у Ватыкан 23-25 красавіка 2016 г. на святкаванне Юбілею Міласэрнасці. Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне, у якім заўважыў, што сустрэча можа стаць цудоўнай нагодай для таго, каб адкрыць прыгажосць жыцця. Папа выказаў жаданне перажыць з моладдзю некалькі дзён малітвы і святкавання.

Пантыфік нагадаў дэвіз Юбілею моладзі: «Станавіцца ўсё больш міласэрнымі, як Айцец». Гэта азначае вучыцца быць мужнымі ў канкрэтнай і бескарыслівай любові, станавіцца вялікімі, як фізічна, так і духоўна, здольнымі на адважныя рашэнні і будаўніцтва мірнага свету.

Папа Францішак заўважыў, што маладосць — гэта такі перыяд у жыцці чалавека, калі ўсё здаецца магчымым і, адначасова, немагчымым. «Трывала ідзіце шляхам веры ў непарушнай надзеі на Пана. У гэтым таямніца вашага вандравання! Ён дасць вам адвагу ісці супраць плыні», — запэўніў Святы Айцец і заклікаў моладзь прасіць у Бога аб дары мужнасці для рэалізацыі вялікіх спраў. «Мы, хрысціяне, былі выбраны Панам не для малых рэчаў, ідзіце заўсёды наперад, да вялікіх спраў. Прысвяціце сваё жыццё вялікім ідэалам!» — заклікаў Пантыфік.

Папа асаблівым чынам звярнуўся да маладых людзей, якія жывуць ва ўмовах вайны, крайняй галечы, штодзённых цяжкасцяў і пакінутасці, і заахвоціў іх не губляць надзеі. «Не верце словам нянавісці і тэрору, якія часта гучаць, але заводзьце новыя сяброўствы. Ахвяруйце сваім часам, заўсёды клапаціцеся пра тых, хто просіць у вас дапамогі. Будзь адважнымі і ідзіце супраць плыні, будзьце сябрамі Езуса, які з’яўляецца Князем спакою», — напісаў Папа.

Папа Францішак заклікаў да святкавання Юбілею моладзі таксама на ўзроўні мясцовых Касцёлаў, а юнакам і дзяўчатам пажадаў падрыхтаваць, перш за ўсё, не заплечнікі і транспаранты, але сэрцы і галовы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by