Святы Айцец памаліўся за ахвяр тэрактаў у Інданэзіі і Буркіна-Фасо | Друк |
Святы Айцец
18.01.2016 10:09

Да малітвы за ахвяр выбухаў у Інданэзіі і Буркіна-Фасо заклікаў Папа Францішак 17 студзеня пасля малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра.

«Мы хочам разам звярнуцца да Бога ў малітве за ахвяр тэрактаў, якія адбыліся ў апошнія дні ў Інданэзіі і Буркіна-Фасо. Няхай Пан прымае іх у свой дом і падтрымае ўдзел міжнароднай супольнасці ў пабудове міру», — сказаў Папа і памаліўся ў гэтай інтэнцыі разам з сабранымі на ватыканскай плошчы.

У нападзе, здзейсненым джыхадзістамі 16 студзеня на гатэль і кавярню ва Уагадугу, сталіцы афрыканскай краіны Буркіна-Фасо, загінулі 29 чалавек з 18 краін.

У выніку стральбы і некалькіх выбухаў 14 студзеня ў цэнтры інданэзійскай сталіцы Джакарты загінулі па меншай меры 10 чалавек, у тым ліку чатыры тэрарысты.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by