Пантыфік звярнуўся з прамовай да мігрантаў і бежанцаў | Друк |
Святы Айцец
18.01.2016 10:23

«Прыкметай надзеі на Бога» назваў прысутнасць мігрантаў у сучасных грамадствах Святы Айцец Францішак.

17 студзеня ў Ватыкане падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» Пантыфік нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца Сусветны дзень мігранта і бежанца, а сёлета ў Каталіцкім Касцёле ў рамках Святога Года Міласэрнасці адзначаецца таксама юбілей мігрантаў.

«Я рады вітаць з вялікай любоўю этнічныя суполкі, прысутныя тут, з розных рэгіёнаў Італіі, асабліва з Лацыё. Паважаныя мігранты і бежанцы, кожны з вас нясе гісторыю, культуру, каштоўнасці; а часта, на жаль, досвед беднасці, прыгнёту і страху. Ваша прысутнасць на гэтай плошчы з’яўляецца прыкметай надзеі на Бога. Не дазвольце скрасці ў сябе гэтыя надзею і радасць жыцця, з якіх вынікае досвед Божай міласэрнасці, таксама і дзякуючы людзям, якія вітаюць вас і дапамагаюць вам», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб удзел у Юбілеі Міласэрнасці напоўніў сэрцы людзей, якія спазналі цяжар уцёкаў з роднай зямлі, дарам спакою.

Сусветны дзень мігранта і бежанца праходзіць сёлета пад дэвізам «Мігранты і бежанцы — выклік для нас. Адказ — у Евангеллі міласэрнасці».

Папа Францішак падчас свайго пантыфікату вельмі часта звяртаецца да людзей добрай волі з просьбай прымаць з любоўю і ставіцца з павагай да ўцекачоў.

У спецыяльным пасланні на сёлетні Дзень Пантыфік звярнуў увагу, што «бежанцы і людзі, якія ўцякаюць са сваёй радзімы, з’яўляюцца выклікам для народаў і грамадстваў, паколькі ставяць пад сумніў іх традыцыйны лад жыцця, а часам і парушаюць культурны і сацыяльны гарызонты, з якімі сутыкаюцца».

Але, па словах Папы, «важна падыходзіць да мігрантаў не толькі з пункту гледжання іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як да людзей, якія — пры павазе да іх годнасці — могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by