Пантыфіка запрасілі ў рымскую Вялікую мячэць | | Друк | |
Святы Айцец |
20.01.2016 16:14 |
Візіт можа адбыцца ўжо праз тыдзень – 27 студзеня, паведаміў старшыня Саюза ісламскіх суполак у Італіі Ізэдзін Эльзір. Па словах імама, візіт Пантыфіка дапаможа мусульманска-каталіцкаму дыялогу, які вядзецца на працягу дзесяцігоддзяў. Падкрэсліваючы «пакору і блізкасць» Папы, з якім шмат разоў сустракаўся, Эльзір заўважыў, што яго асобу станоўча ўспрымаюць паслядоўнікі ісламу, як і выбар імя Францішак, якое «выражае беднасць, але і дыялог з ісламскім светам». Наведванне рымскай мячэці стане важным жэстам, дэманструючым, што «рэлігіі вядуць дыялог, а не супрацьстаяць адна адной». «Хто выкарыстоўвае імя Бога, каб забіць свайго брата, не мае нічога агульнага з рэлігіяй; ён мае на ўвазе толькі палітычны інтарэс і ўладу», – сказаў імам. Па яго словах, «Францішак – гэта дабро не толькі для хрысціянскага свету, але і для ўсяго чалавецтва, таму што займаецца пытаннямі, важнымі не толькі для вернікаў, але і для няверуючых». Папа Францішак на сустрэчы з лідарамі мусульманскай і юдэйскай супольнасцяў Нью-Ёрка. Як стала вядома, праца над візітам Святога Айца ў рымскую мячэць доўжыцца ўжо каля дзесяці месяцаў, і абодва бакі жадаюць, каб ён адбыўся ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці. Вялікая мячэць знаходзіцца ў паўночнай частцы горада. Гэта найбуйнейшы мусульманскі храм у Заходняй Еўропе; ён можа змясціць да 12 тысяч чалавек. Мячэць была пабудавана ў 1984-1995 гадах па ініцыятыве і дзякуючы фінансаванню караля Саудаўскай Аравіі Фейсалы. Гэта будзе пяты ў гісторыі папскі візіт ў мусульманскую святыню. Ян Павел II наведаў мячэць Амэядаў у Дамаску 6 мая 2001 года. Бэнэдыкт XVI быў у Блакітнай мячэці ў Стамбуле 30 лістапада 2006 года, Папа Францішак наведаў той жа храм 29 лістапада 2014 года. Пантыфік быў таксама ў мячэці ў Бангі 30 лістапада 2015 года. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |