Святы Айцец заклікаў гасцінна прымаць пілігрымаў | Друк |
Святы Айцец
22.01.2016 10:46

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў пілігрымкавых агенцтваў і рэктараў санктуарыяў. Сустрэча прайшла ў рамках святкавання Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Пантыфік нагадаў пра тое, што пілігрымкі з’яўляюцца «сапраўднай формай евангелізацыі», якую трэба адпаведна цаніць і падтрымліваць.

Па словах Святога Айца, памылкова лічыць, што пілігрымкі да санктуарыяў тычацца толькі «масавай», а не асабістай духоўнасці. «На самой справе, пілігрым нясе з сабой уласную гісторыю, веру, бляскі і цені ўласнага жыцця. Кожны нясе ў сэрцы асаблівую інтэнцыю і малітву», — дадаў Папа.

Пантыфік перакананы, што санктуарыі з’яўляюцца прывілеяванымі месцамі для сустрэчы з Панам і Яго міласэрнасцю, у чым асаблівым чынам дапамагае споведзь. Святы Айцец пажадаў, каб у санктуарыях вернікі адчувалі сябе, як дома — дзе іх прымаюць, разумеюць, падтрымліваюць.

«Ад гэтага шмат залежыць. Прыём павінен быць цёплым, святочным, сардэчным і цярплівым», — нагадаў Святы Айцец.

Папа Францішак таксама падкрэсліў, што гасціннасць з’яўляецца вызначальнай рысай для евангелізацыі.

«Часам дастаткова добрага слова і ўсмешкі, каб асоба адчула сябе прынятай, асабліва калі гаворка ідзе пра пілігрымаў, стомленых доўгім шляхам. Гэтых людзей трэба прымаць як найлепш, як з пункту гледжання матэрыяльнага, так і духоўнага», — заклікаў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб святары, якія спавядаюць у санктуарыях, ставіліся да пэнітэнтаў з міласэрнасцю. «Перажывем з верай і радасцю гэты Юбілей. Перажывем яго, як адну вялікую пілігрымку», — заклікаў удзельнікаў сустрэчы Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by