Папа правёў першую надзвычайную аўдыенцыю, прымеркаваную да Года Міласэрнасці | Друк |
Святы Айцец
01.02.2016 10:01

30 студзеня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане прайшла першая надзвычайная аўдыенцыя, прымеркаваная да Юбілейнага Года Міласэрнасці. Падчас яе Папа Францішак заклікаў вернікаў быць сапраўднымі місіянерамі і радаснымі сведкамі міласэрнасці Бога.

У сустрэчы з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 20 тыс. чалавек.

Папа адзначыў, што «мы дзень за днём уваходзім у глыбіню Святога Года Міласэрнасці». «Суправаджаючы нас сваёй ласкай, Пан кіруе нашымі крокамі, калі праходзім праз Святыя Дзверы, і выходзіць нам насустрач, каб заўсёды быць з намі, нягледзячы на нашы недахопы і супярэчнасці. Не будзем стамляцца адчуваць патрэбу ў Яго прабачэнні, каб у моманты слабасці Яго блізкасць нас умацоўвала і дазваляла жыць з большай радасцю нашай верай», - сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак звярнуў увагу на лучнасць паміж міласэрнасцю і місійнай дзейнасцю. У сувязі з гэтым Пантыфік працытаваў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што «Касцёл жыве сваім сапраўдным жыццём, калі вызнае і абвяшчае міласэрнасць і калі набліжае людзей да крыніц міласэрнасці».

«Як хрысціяне мы маем адказнасць за тое, каб быць місіянерамі Евангелля. Калі атрымліваем цудоўную навіну ці калі перажываем цудоўны досвед, гэта натуральна, што адчуваем патрэбу ў дзяленні гэтым з іншымі. Адчуваем унутры нас, што не можам схаваць радасці, якая нам была дадзена, і хочам яе распаўсюдзіць. Радасць, якая ўзнікла, настолькі вялікая, што падштурхоўвае нас перадаваць яе далей», - сказаў Папа.

Паводле слоў Пантыфіка, так павінна адбывацца і калі вернікі сустракаюцца з Панам і Яго міласэрнасцю. «Больш за тое, канкрэтным знакам таго, што мы сапраўды сустрэлі Езуса, з’яўляецца радасць, якую мы адчуваем, перадаючы Яго таксама і іншым. Гэта не здзяйсненне празелітызму. Гэта перадача дару: мы дзелімся тым, што нясе радасць. Чытаючы Евангелле, мы бачым, што такім быў і досвед першых вучняў: пасля сваёй першай сустрэчы з Езусам Андрэй пайшоў і адразу распавёў пра Яго свайму брату Пятру. Падобным чынам паступіў Філіп з Натанаэлем. Сустрэча з Езусам азначае сустрэчу з Яго любоўю. Гэта любоў нас перамяняе і робіць здольнымі перадаваць іншым сілу, якой Ён нас адорвае. Можна сказаць, што з дня хросту кожны з нас атрымлівае новае імя, акрамя таго, якое нам даюць маці і бацька. Гэта імя “Хрыстафор”, што значыць “той, хто нясе Хрыста”. Гэта імя нашых паводзінаў, імя людзей, якія нясуць радасць Хрыста ў міласэрнасці Хрыста. Кожны хрысціянін з’яўляецца “Хрыстафорам”, гэта значыць прыносіць Хрыста!» - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа Францішак заўважыў, што «міласэрнасць, якую атрымліваем ад Айца, не даецца толькі дзеля нашага прыватнага суцяшэння, але робіць нас плённымі прыладамі, каб таксама і іншыя маглі атрымаць гэты дар».

«Існуе надзвычайная ўзаемазалежнасць паміж міласэрнасцю і місіяй. Жыццё міласэрнасцю робіць нас місіянерамі міласэрнасці, а быццё місіянерамі дазваляе нам усё больш узрастаць у міласэрнасці Божай. Таму будзем сур’ёзна адносіцца да нашага быцця хрысціянамі і будзем прыкладаць намаганні, каб жыць як вернікі, бо толькі так Евангелле зможа дакрануцца да сэрцаў людзей і адкрыць іх на прыняцце ласкі любові», - завяршыў сваё разважанне Папа.

Пасля катэхезы Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў усім благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by