Папа звярнуўся з парадамі да кансэкраваных асобаў | Друк |
Святы Айцец
02.02.2016 13:15

1 лютага  Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі завяршальных мерапрыемстваў Года кансэкраванага жыцця, які працягваўся ў Каталіцкім Касцёле з 30 лістапада 2014 г. У аўдыенцыі з Пантыфікам прынялі ўдзел каля чатырох тысяч законнікаў і законніц з розных краін свету.

Адклаўшы загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы, Святы Айцец звярнуўся да сабраных спантанна. Ён заклікаў кансэкраваных асобаў быць прарокамі ў сучасных грамадствах: казаць людзям пра існаванне шляху шчасця, велічы, шляху, які напаўняе радасцю і які з’яўляецца шляхам Езуса Хрыста. Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб быць побач з Панам. Прарочыць, паводле Папы, азначае казаць пра «нешта больш праўдзівае, вялікае, добрае, да чаго ўсе мы пакліканы».

Лешым аспектам кансэкраванага жыцця Папы Францішак назваў блізкасць да людзей: блізкасць фізічную і духоўную. Пачынаць Пантыфік заклікаў з братоў і сясцёр з уласнай манаскай супольнасці. Папа папярэдзіў аб разбуральных наступствах пляткарства, якое параўнаў з «тэрарызмам» і нагадаў аб важнасці панавання над уласным языком.
Святы Айцец перакананы, што законнікі і законніцы не павінны губляць надзеі, нават перад абліччам памяншэння колькасці пакліканняў да манаскага жыцця. Трэба працягваць адносіцца да паліканняў сур’ёзна і з праніклівасцю глядзець на кандыдатаў, якія прыходзяць у супольнасць. «Неабходна добра глядзець ці гэта сапраўднае пакліканне і дапамагаць яму ўзрастаць», — сказаў Папа і падкрэсліў важнасць пастаяннай і гарачай малітвы ў гэтай інтэнцыі. «Пан, які быў такім шчодрым, выканае сваё абяцанне. Але мы павінны прасіць Яго. Павінны стукаць у дзверы Яго сэрца», — дадаў ён.

Паводле Папы  Францішка, калі манаская супольнасць становіцца вельмі малой, перад ёй узнікае рызыка прывязанасці да грошай. Гэта супраць надзеі, як падкрэсліў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by