Папа накіруе місіянераў міласэрнасці па ўсім свеце | Друк |
Святы Айцец
09.02.2016 11:43

10 лютага, у Папяльцовую сераду, у ватыканскай базыліцы пройдзе адмысловы абрад, падчас якога Папа «разашле» па ўсім свеце місіянераў міласэрнасці. Ініцыятыва, якая зыходзіць ад самога Пантыфіка, звязана са Святым Годам, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле.

Місіянеры міласэрнасці — гэта святары з розных дыяцэзій у свеце. Папа даручыў ім быць прывілеяванымі сведкамі і абвяшчальнікамі Святога Года, часу сустрэчы з Божай міласэрнасцю. Яны павінны быць асобамі сціплымі і мудрымі, гатовымі да «вялікага прабачэння» адносна тых, хто наблізіцца да споведзі.

У буле, якая абвясціла Год Міласэрнасці, Пантыфік напісаў, што місіянеры «з’яўляюцца знакам мацярынскага клопату Касцёла аб Божым народзе, таму што ўваходзяць у багацце таямніцы Божай міласэрнасці, так фундаментальнай для веры». Гэтыя святары завуцца «місіянерамі», паколькі Папа пасылае іх быць прапаведнікамі і пратаганістамі «Місій для народа».

Папа Францішак у Год Міласэрнасці даў усім святарам дазвол адпускаць грэх аборту, а місіянераў міласэрнасці надзяліў выключнай магчымасцю — яны могуць адпускаць грахі, якія раней мог адпусціць толькі Святы Пасад.

Кананічнае права кажа пра пяць такіх грахоў: прафанацыю кансэкраваных постацяў, фізічнае насілле супраць Папы, біскупскае пасвячэнне без папскага мандату, спробу адпушчэння граху саўдзельніку ў граху супраць шостай запаведзі (тут гаворка ідзе не толькі аб чужалостве, бо шостая запаведзь ахоплівае ўсю чалавечую сексуальнасць), а таксама непасрэднае парушэнне таямніцы споведзі.

Спецыяльнае запрашэнне да пакаяння Папа скіраваў да асобаў, якія знаходзяцца далёка ад Божай ласкі з-за свайго стылю жыцця, а асаблівым чынам да тых, хто ўдзельнічае ў крымінальных групоўках, а таксама бароніць карупцыю ці саўдзельнічае ў ёй.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by