На прэс-канферэнцыі ў самалёце падчас пералёту з Мексікі ў Рым 19 лютага Папа Францішак адзначыў важнасць інтэграцыі «параненых» сем’яў у Касцёл. Пантыфік распавёў, што ў паслясінадальным дакуменце, які павінен з'явіцца перад Вялікаднем, будзе адлюстравана ўсё, што казалася падчас Сінода Біскупаў на тэму сям’і.
У гэтым дакуменце, па словах Святога Айца, будзе падкрэслена важнасць перадсужэнскай падрыхтоўкі і выхавання дзяцей, асабліва тых, якія з’яўляюцца «ахвярамі сямейных праблем», нават калі гэтыя праблемы ўзнікаюць па знешніх прычынах, напрыклад, беспрацоўя.
Папа ўзгадаў пра сустрэчу з сем’ямі, у якой прыняў удзел у мексіканскім Тустла Гут’ерес, каб падкрэсліць важнасць «інтэграцыі ў жыццё Касцёла параненых сем’яў», якія ўтвараюцца на падставе несакрамэнтальнай сувязі. Гэтая інтэграцыя, аднак, не азначае дазволу на прыняцце святой Камуніі, яна з’яўляецца цяжкім шляхам, якім трэба прайсці, сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў пра сведчанне сужэнцаў, якія жывуць у падобнай сітуацыі: «Мы не прыступаем да эўхарыстычнай Камуніі, але прыступаем да Камуніі праз наведванне шпіталяў і іншае», казалі яны. Прыняцце святой Камуніі, па словах Папы, у такой сітуацыі было б шкодна для пары, паколькі не дазваляла б ёй «прайсці шлях інтэграцыі».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|