Папа падтрымаў ініцыятыву «гуманітарных калідораў для бежанцаў» | Друк |
Святы Айцец
06.03.2016 17:59

Папа Францішак станоўча ацаніў ініцыятыву «гуманітарных калідораў для бежанцаў», якая рэалізуецца ў апошні час у Італіі. Па словах Пантыфіка, «гэты пілотны праект спалучае ў сабе салідарнасць і бяспеку, дазваляе дапамагчы людзям, якія бягуць ад вайны і насілля».

6 сакавіка ў Ватыкане падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» Папа нагадаў, што сярод гэтых асобаў ёсць хворыя дзеці, інваліды, ваенныя ўдовы з дзецьмі і пажылыя людзі.

Пантыфік лічыць, што варта падтрымаць гэту ініцыятыву яшчэ і таму, што яна па-сапраўднаму экуменічная, паколькі рэалізуецца пры падтрымцы каталіцкай «Супольнасці св. Эгідзія», Федэрацыі Евангелічных Цэркваў Італіі, Царквы Вальдэнсаў і Метадысцкай Царквы.

Праект гуманітарных калідораў паўстаў у выніку пагаднення хрысціянскіх арганізацый розных канфесій з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам унутраных спраў Італіі. Ён прадугледжвае выдачу гуманітарных віз для найбольш уразлівых катэгорый бежанцаў. Такім чынам, яны не павінны будуць рызыкаваць жыццём, пераадольваючы небяспечны шлях у Еўропу, а дзякуючы дбайнай праверцы кампетэнтнымі органамі Італіі будзе гарантавана іх «законапаслухмянасць». Пасля прыбыцця бежанцам прадаставяць на першы час жыллё, аплоцяць курсы італьянскай мовы, запішуць дзяцей у школу.

Першая група ўжо прыбыла ў Італію. Яна складаецца з 93 чалавек, з іх 41 — дзеці. Яны паходзяць з розных сірыйскіх гарадоў: Хомса, Алепа, Хамы і Дамаска і ў апошні час знаходзіліся ў лагерах бежанцаў у Ліване. Сярод прыбылых — хрысціяне і мусульмане.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by