Папа звярнуўся да юрыстаў падчас курса пра сямейнае кананічнае права | Друк |
Святы Айцец
14.03.2016 11:40

Святы Айцец распавядаў пра тое, якімі былі прычыны апошніх зменаў у правілах прызнання несапраўдным касцёльнага шлюбу.

«Скарочаны працэс», які стаў вынікам гэтых зменаў, мае важныя пастырскія мэты, адна з якіх — зменшыць цяжар, што ляжыць на сумленні людзей, якія сумняюцца ў сапраўднасці свайго шлюбу, сказаў Пантыфік.

«Любоў і літасць падштурхнулі Касцёл яшчэ бліжэй да ягоных дзяцей, каб задаволіць іх законнае жаданне справядлівасці», — адзначыў Папа Францішак.

«Важна, каб вартасці і дух гэтых новых формаў (працэса) былі прыняты і абдуманы асабліва сябрамі касцёльных судоў, каб лепш служыць сем'ям справядліва і літасціва... Больш за ўсё нас турбуе, каб людзі, якія жывуць у новым саюзе, былі ў еднасці з Касцёлам», — дадаў наступнік Пятра.

Папа Францішак скончыў свой зварот падзякай сем'ям, якія застаюцца вернымі ў шлюбе, нягледзячы на складанасці.

Аляксандр Гелагаеў паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by