Святы Айцец перадаў аліўкавыя галінкі гаспадарам СДМ | Друк |
Святы Айцец
21.03.2016 11:43

20 сакавіка перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа Францішак перадаў праз маладых валанцёраў з Польшчы ў Кракаў аліўкавыя галінкі з Ерузалема, Асізі і Монтэ-Касіна для прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

У Кракаве з 26 па 31 ліпеня пройдуць Сусветныя дні моладзі. На галоўных мерапрыемствах форуму арганізатары чакаюць да 2,5 млн. пілігрымаў.

«Асаблівае прывітанне я кірую да вас, маладыя людзі, прысутныя тут, і кірую яго да ўсіх маладых людзей у свеце. Спадзяюся, што вы будзеце мець магчымасць прыбыць у вялікай колькасці ў Кракаў – на радзіму Яна Паўла II, ініцыятара Сусветных дзён моладзі. Яго заступніцтву мы даручаем апошнія месяцы падрыхтоўкі да гэтай пілігрымкі, якая – у рамках Святога Года Міласэрнасці – стане Юбілеем моладзі на ўзроўні Паўсюднага Касцёла», – сказаў Пантыфік.

Папа Францішак спецыяльна прыбудзе ў Кракаў для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі. Чакаецца, што з Беларусі прыедзе некалькі тысяч маладых людзей.

Міністэрства замежных спраў Польшчы выйшла насустрач арганізатарам СДМ і заявіла аб візавых спрашчэннях для пілігрымаў з-за мяжы.

У сваіх разважаннях Пантыфік нагадаў, што ў Пальмовую нядзелю адзначаецца 31-ы Сусветны дзень моладзі на дыяцэзіяльным узроўні, а яго кульмінацыяй стане кракаўская сустрэча. Святы Айцец выказаў надзею на тое, што ў гістарычную сталіцу Польшчы прыедуць шматлікія маладыя людзі з усяго свету.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 
© 2003-2025 Catholic.by