Пантыфік прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі | Друк |
Святы Айцец
19.04.2016 11:54

18 красавіка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Фостэн-Аршанжа Туадэра. Палітык таксама правёў сустрэчу з Дзяржсакратаром Папы кардыналам П’етро Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер.

У ходзе сардэчных размоў узгадвалася пра цёплы прыём, аказаны Святому Айцу падчас візіту Пантыфіка ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку ў лістападзе 2015 года.

Гаворка ішла пра нядаўнія прэзідэнцкія выбары ў краіне, а таксама пра абнаўленне дзяржаўных структур — падзеі, якія адбываюцца ў канструктыўнай атмасферы, чаму садзейнічае дыялог паміж рэлігійнымі канфесіямі. Выказвалася пажаданне міру і росквіту для ўсяго народа.

У той жа час падкрэслівалася, што наступствы канфлікту апошніх гадоў працягваюць абцяжарваць жыццё насельніцтва. Адзначалася важнасць падтрымкі краіны з боку міжнароднай супольнасці.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі добрыя двухбаковыя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай. Выказвалася жаданне іх умацавання ў рамках юрыдычных інструментаў, прадугледжаных міжнародным правам.

Быў высока ацэнены ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё грамадства, асабліва ў сферы адукацыі і аховы здароўя, у тым ліку ў перспектыве прымірэння і адбудовы дзяржавы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)   

 
© 2003-2025 Catholic.by