Папа Францішак: Святарства — гульня з найвышэйшай стаўкай | Друк |
Святы Айцец
17.05.2016 14:43

16 мая ў Ватыкане Пантыфік прыняў удзел у адкрыцці 69-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Папа нагадаў пра галоўныя рысы святара і падкрэсліў, што ў апошнія гады значна змяніўся культурны кантэкст, у якім прыходзіцца выконваць гэтае служэнне.

Святы Айцец адзначыў, што сучасны святар на сваім шляху сустракае ўсё больш і больш людзей, якім не хапае ў жыцці апорнай кропкі, якія думаюць толькі пра сябе, забываючыся пра братоў. Пантыфік нагадаў, што святар у душпастырскіх адносінах не можа кіравацца халоднай строгасцю і крытэрыем эфектыўнасці. Папа Францішак заклікаў духавенства жыць у пакоры, адкрытасці і салідарнасці.

Менавіта адносіны з Хрыстом, па словах Пантыфіка, захоўваюць святара ад марнасці гэтага свету і рознага роду кампрамісаў і дробязнасці. «Для святара жыццёвым пытаннем з’яўляецца трыванне ў супольнасці прэзбітэраў. Гэты досвед — калі яго перажываюць не зрэдку і не пад прымусам практычнага супрацоўніцтва — захоўвае ад клерыкальнага нарцысізму і зайздрасці; умацоўвае ўзаемную павагу, падтрымку і дабрыню; спрыяе камуніі, не толькі сакрамэнтальнай ці кананічнай, але таксама братэрскай і канкрэтнай», — лічыць Папа.

Разважаючы пра самую важную матывацыю святара, якая палягае на ахвяраванні сябе, Папа Францішак перасцярог духавенства ад жыцця поўнага разліку. Пантыфік падкрэсліў, што святарства з’яўляецца гульнёй з найвышэйшай стаўкай; бескарыслівым, пакорлівым служэннем, нават калі яго не цэняць. Паводле слоў Папы, пробашч — гэта перш за ўсё чалавек Вялікадня, які не адрывае вачэй ад Божага Валадарства, да якога імкнецца ўся гісторыя чалавецтва.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by