Папа заклікаў далучыцца да малітвы з сірыйскімі дзецьмі | Друк |
Святы Айцец
29.05.2016 20:44

Папа Францішак заклікаў дзяцей з усяго свету духоўна далучыцца да малітвы аб міры, якую будуць праводзіць у Сірыі іх аднагодкі. З адмысловым запрашэннем Святы Айцец звярнуўся 29 мая падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ў Ватыкане.

«У бліжэйшую сераду, 1 чэрвеня, з нагоды Міжнароднага дня дзіцяці хрысціянскія супольнасці Сірыі, як каталіцкія, так і праваслаўныя, будуць разам перажываць спецыяльную малітву аб міры, галоўнымі дзеючымі асобамі якой будуць менавіта дзеці. Сірыйскія дзеці запрашаюць сваіх аднагодкаў з усяго свету далучыцца да іх малітвы аб міры», — сказаў Папа.

Вітаючы прысутных на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў, Пантыфік нагадаў таксама, што 29 мая ў Італіі адзначаецца Нацыянальны дзень палёгкі, накіраваны на тое, каб «дапамагчы людзям добра перажыць апошні этап зямнога існавання».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by