Святы Айцец стварыў працоўную групу па сужэнскіх працэсах | Друк |
Святы Айцец
08.06.2016 21:20
Папа Францішак стварыў «працоўную групу» для вызначэння асноўных пытанняў адносна тлумачэння і прымянення на практыцы прынцыпаў рэформы «сужэнскага працэсу», уведзенай Апостальскім лістом «Mitis Iudex Dominus Iesus» з 15 жніўня 2015 г.
 
Яе каардынатарам будзе генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Італіі біскуп Нунцыо Галанціна. 
 
У сваім лісце да вышэйзгаданага іерарха Пантыфік спаслаўся на свой удзел у нядаўнім пасяджэнні італьянскага епіскапату, на якім гучала шмат пытанняў адносна новых нормаў, звязаных са сцвярджэннем несапраўднасці сужэнства, ад працэсуальных варыянтаў у працы дыяцэзіяльных і міждыяцэзіяльных судовых структур да адміністрацыйных, арганізацыйных і фінансавых нюансаў падчас разгляду касцёльнымі судамі сужэнскіх спраў.
 
Пантыфік падзякаваў прэфекту Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, дэкану Трыбуналу Рымскай Роты і старшыні Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў за дапамогу, якую яны прапанавалі генеральнаму сакратару італьянскага епіскапату для выканання ім «каардынацыйнага служэння».
 
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё 
 
© 2003-2025 Catholic.by