Пантыфік да Рэфармацкіх Цэркваў: Існуе тэрміновая патрэба экуменізму ў евангелізацыі і служэнні | Друк |
Святы Айцец
10.06.2016 15:35

10 чэрвеня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Сусветнай Супольнасці Рэфармацкіх Цэркваў (WCRC).

На сустрэчы Пантыфік адзначыў, што існуе мноства сфер, у якіх рэфарматы і католікі могуць супрацоўнічаць, каб разам сведчыць аб Божай міласэрнасці — «сапраўдным супрацьяддзі ад пачуцця пакінутасці і абыякавасці, якія нас акружаюць».

Папа звярнуў увагу на распаўсюджаны феномен «духоўнага апустыньвання». У тых асяроддзях, дзе людзі жывуць так, нібыта Бог не існуе, «нашы супольнасці пакліканы быць “амфарамі”, якія суцяшаюць прагу надзеяй і прысутнасцю, здольнай натхняць да братэрства, сустрэчы, салідарнасці, сапраўднай і бескарыслівай любові», сказаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, «немагчыма перадаваць веру, жывучы ёй ізалявана або ў закрытых і адасобленых групах». «Паступаючы такім чынам, нельга адказаць на прагу па Богу, якая да нас усклікае і выяўляецца ў шматлікіх новых формах рэлігійнасці», якія часам сустракаюцца з рызыкай засяроджвання на саміх сабе і ўласных патрэбах і спрыяюць пэўнага роду «духоўнаму спажывецтву», патлумачыў Папа.

«Калі нашы сучаснікі не знойдуць духоўнасці, якая іх аздаровіць, вызваліць, напоўніць жыццём і мірам і, у той жа час, не пакліча іх да салідарнай еднасці і місійнай плённасці, яны застануцца падманутымі праз прапановы, якія не гуманізуюць і не сведчаць хвалы Богу», — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец выказаў перакананне, што сёння існуе тэрміновая патрэба ў такім экуменізме, які разам з тэалагічнымі высілкамі, накіраванымі на пераадоленне дактрынальных супярэчнасцяў паміж хрысціянамі, будзе спрыяць «супольнай евангелізацыйнай місіі і служэнню». Папа падкрэсліў важнасць існуючых ініцыятыў, якія рэалізуюцца ў гэтым напрамку, але заўважыў, што можна «рабіць яшчэ больш», перадаючы міласэрную любоў Айца, якую бескарысліва атрымліваем і якую пакліканы са шчодрасцю дарыць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by