11 чэрвеня ў Ватыкане Папа Францішак сустрэўся з супрацоўнікамі Сектару катэхізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі Італьянскай нацыянальнай катэхізатарскай службы. Структура святкуе сёлета 25-годдзе.
На сустрэчы Пантыфік адзначыў, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны ў поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці парафій, асацыяцый і касцёльных рухаў. Яны, па словах Святога Айца, патрабуюць падвойнай увагі: як суб’екты навучання веры і актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця. Папа дадаў, што шмат чаго ўжо зроблена ў душпастырстве людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але трэба ісці наперад, напрыклад, у напрамку большай увагі да апостальскага і місійнага патэнцыялу гэтых асобаў. Бо менавіта «ў слабасці і крохкасці схаваны скарбы, якія могуць аднавіць нашы хрысціянскія супольнасці», перакананы Пантыфік.
Па словах Папы, у Касцёле прысутнічае ўважлівае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але тым не менш каталіцкія супольнасці павінны шукаць спосабы іх сапраўднага і поўнага ўключэння. Гэта патрабуе не толькі спецыяльных праграм, але ў першую чаргу прызнання і прыняцця, што кожны чалавек унікальны і непаўторны, і любая форма выключэння — гэта заўсёды збядненне для супольнасці. Тут, заўважыў Пантыфік, важна працаваць з сем’ямі, якія павінны знайсці ў Касцёле сапраўдны «дом», дзе іх прымуць з іх цяжарам болю і стомленасці.
Папа ўзняў і тэму допуску людзей з абмежаванымі магчымасцямі да сакрамэнтаў. Гэтыя людзі, адзначыў Святы Айцец, «пакліканы да паўнаты сакрамэнтальнага жыцця», нават тыя, хто пакутуе ад сур’ёзных псіхічных расстройстваў. Пантыфік назваў сумным той факт, што ў некаторых выпадках у гэтым пытанні ў Касцёле застаюцца сумневы, супраціў і нават адмова. Такое стаўленне, дадаў Папа, дэманструе неразуменне сэнсу сакрамэнтаў. Хрысціянская супольнасць паклікана працаваць, каб кожны ахрышчаны чалавек мог перажываць Хрыста ў сакрамэнтах, падкрэсліў Пантыфік.
Папа заклікаў да ўключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў падрыхтоўку і перажыванне літургічных цэлебрацый. Гэта, па словах Святога Айца, будзе сур’ёзным укладам у фарміраванне мыслення, вольнага ад прадузятасці да такіх людзей, ад іх сацыяльнай ізаляцыі і маргіналізацыі.
Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам Сектару катэхізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі за іх 25-гадовае служэнне найбольш уразлівым асобам.
У гэтыя дні ў Рыме і Ватыкане праходзіць «Юбілей людзей з абмежаванымі магчымасцямі» ў рамках Святога Года Міласэрнасці. Гэтыя людзі з усяго свету пачуюць катэхезы на сваіх мовах у некалькіх рымскіх касцёлах. Каля Замка св. Анёла для іх будзе арганізавана канцэртная праграма. Тут жа будуць разбіты так званыя «Намёты міласэрнасці», у якіх прадстаўнікі розных душпастырскіх ініцыятыў і валанцёры падзеляцца досведам евангелізацыі сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых. Нядзельную святую Імшу для іх узначаліць Папа. Дапамагаць падчас літургіі будуць юнакі з сіндромам Даўна і асаблівасцямі псіхічнага развіцця. Літургічнае чытанне прагучыць з вуснаў невідушчай дзяўчыны, якая будзе карыстацца шрыфтам Брайля. Усе тэксты будуць перакладацца на міжнародную жэставую мову.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|