Папа Рымскі стварыў камітэт па размеркаванні дапамогі ва Украіне | Друк |
Святы Айцец
13.06.2016 09:54

Папа Францішак прыняў рашэнне аб заснаванні «тэхнічнага камітэту» па размеркаванні ахвяраванняў, сабраных 24 красавіка 2016 г. у касцёлах Еўропы на карысць ахвяраў узброенага канфлікту ва Украіне.

Камітэт будзе складацца са старшыні (ім ужо прызначаны дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі Ян Сабіла) і чатырох членаў, іх імёны не называюцца.

Тры з іх будуць прызначаны старшынёй, рашэнне па чацвёртым будзе прынята супольна дабрачыннай арганізацыяй «Caritas Internationalis» і Папскай радай «Cor unum».

Мандат камітэту разлічаны на адзін год з магчымасцю працягу. Яго сядзібай будзе курыя Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі. Усе супрацоўнікі структуры будуць працаваць на добраахвотнай аснове, таму сабраныя ахвяраванні будуць выкарыстаны выключна на дапамогу насельніцтву.

У сваёй працы камітэт будзе кіравацца рэкамендацыямі міжрэлігійных і міжканфесійных аб’яднанняў або іерархаў, у тым ліку некаталіцкіх, калі такія аб’яднанні будуць адсутнічаць на дадзенай тэрыторыі.

Паколькі гаворка ідзе пра асабістую ініцыятыву Папы, канчатковымі адказнымі за праект будуць Дзяржсакратарыят і Папская рада «Cor Unum» праз Апостальскую Нунцыятуру ва Украіне.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, (IL)


 
© 2003-2025 Catholic.by