«Дэнатуралізацыя» і «дэбюракратызацыя» — такія тэрміны прагучалі з вуснаў Папы Францішка 13 чэрвеня ў рымскай сядзібе Сусветнай харчовай праграмы ААН (WFP). Менавіта гэта, па словах Пантыфіка, павінна адбыцца ў падыходзе да галечы і голаду на сусветным узроўні.
У сваім выступленні на штогадовай сесіі Выканаўчага камітэта арганізацыі Святы Айцец заклікаў міжнародную супольнасць прыняць усе неабходныя меры для дапамогі канкрэтным людзям, якія пакутуюць і паміраюць ад голаду.
Папа адзначыў, што ў сённяшнім гіперкамунікатыўным свеце геаграфічныя адлегласці скараціліся, але празмернасць інфармацыі паступова нараджае «натуральнасць» беднасці, неўспрымальнасць да трагедыі іншых. Але гэта, дадаў Пантыфік, толькі ілюзія, бо голад і галеча застаюцца. Таму, па словах Святога Айца, патрэбна «дэнатуралізацыя» беднасці, каб спыніць яе ўспрыманне як аднаго са шматлікіх дадзеных рэчаіснасці.
Папа лічыць, што чума голаду ХХІ стагоддзя выклікана эгаістычным і дрэнным размеркаваннем рэсурсаў. «З пладоў зямлі, якія з’яўляюцца дарам для чалавецтва, мы зрабілі тавары, даступныя для нямногіх, ствараючы такім чынам выключэнне», — сказаў Пантыфік і падкрэсліў, што марнаванне ежы — гэта крадзеж са стала бедных і галодных.
Гаворачы аб «дэбюракратызацыі» голаду, Папа заўважыў, што сёння ў якасці прычыны немагчымасці забяспечыць людзей ежай называюцца ваенныя канфлікты, якія трываюць у многіх частках свету. Але тут, адзначыў Святы Айцец, існуе парадокс: чаму, калі дыстрыбуцыя ежы ў гэтых рэгіёнах немагчыма, зброя, «незалежна ад таго, адкуль прыходзіць, кружыцца з пагардлівай і амаль абсалютнай свабодай у многіх частках свету». Пантыфік дадаў, што голад у наш час часта становіцца прыладай вайны, а людзі, якія паміраюць ад знясілення, далучаюцца да тых, хто гіне на поле бою, і да многіх грамадзянскіх асобаў, якія гінуць у ходзе баявых дзеянняў і бамбаванняў. І тут, звярнуў увагу Папа, патрэбна «дэбюракратызацыя» таго, што перашкаджае, каб планы гуманітарнай дапамогі дасягнулі сваіх мэтаў.
Святы Айцец падкрэсліў, што Сусветная харчовая праграма з’яўляецца добрым прыкладам таго, як можна працаваць ва ўсім свеце, каб выкараніць голад шляхам паляпшэння падзелу чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў і ўмацавання мясцовых супольнасцяў. «Не паддавайцеся стомленасці, не дазваляйце цяжкасцям прывесці вас да бяздзейнасці. Верце ў тое, што вы робіце, і далей укладайце ў гэта свой энтузіязм, бо гэта шлях, на якім насенне шчодрасці можа прарасці з моцай», — заклікаў Папа Францішак супрацоўнікаў міжнароднай арганізацыі.
Пантыфік запэўніў, што Каталіцкі Касцёл, захоўваючы вернасць сваёй місіі, хоча супрацоўнічаць з усімі ініцыятывамі, якія вядуць барацьбу за годнасць асобаў і ставяць прыярытэтам сваёй прыцы крытэрый: «ніякага голаду» ў свеце. Па словах Святога Айца, незалежна ад вызнаванай веры і перакананняў, здольнасцю да дапамогі галодным людзі могуць вымяраць пульс свайго гуманізму.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|