Пантыфік: Малітва да Айца — гэта вуглавы камень | | Друк | |
Святы Айцец |
17.06.2016 12:42 |
Папа падкрэсліў, што гаворка ідзе пра малітву да Айца, які «ведае, ў чым мы маем патрэбу, перш, чым мы Яго аб гэтым папросім». «Гэта Айцец, які слухае нас, будучы схаваным, у таемнасці. Гэта Айцец, які дае тоеснасць сыноў Божых сваім дзецям. Калі кажу “Ойча”, сягаю да каранёў маёй тоеснасці: хрысціянскай тоеснасці Божых дзяцей, дзякуючы ласцы Духа», — сказаў Пантыфік. «"Ойча" — гэта слова, якое Езус выкарыстоўваў у самыя моцныя моманты: калі быў напоўнены радасцю, эмоцыямі: “Праслаўляю Цябе, Ойча, што Ты адкрыў гэта дзецям”; або плачучы, перад магілай свайго сябра Лазара: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне”; а затым, напрыканцы, у апошнія моманты свайго жыцця», — заўважыў Папа Францішак. Паводле слоў Папы, малітва без адчування сябе дзецьмі, без звароту да Бога са словам «Айцец» з’яўляецца язычніцкай і толькі малітвай на словах. Малітва да Айца — гэта вуглавы камень. Калі мы няздольныя пачаць малітву гэтым словам, яна не будзе добрай, дадаў Пантыфік. Папа Францішак заўважыў, што, калі называем Айца «нашым», то гэта значыць, што мы з’яўляемся братамі, сям’ёй і павінны прабачаць усім, забываючы крыўды. «Добра час ад часу рабіць рахунак сумлення адносна гэтага. Для мяне Бог — гэта Айцец? Ці адчуваю Яго Айцом? Калі не адчуваю Яго такім, павінен папрасіць Святога Духа, каб навучыў мяне гэтаму. Ці здольны я забываць пра крыўды, прабачаць, пакідаць іх у мінулым, а калі не, прасіць Айца: “таксама і гэта Твае дзеці, яны зрабілі мне кепска... навучы мяне прабачаць". Будзем рабіць такі рахунак сумлення, і гэта будзе для нас вельмі добра», — адзначыў Пантыфік. Напрыканцы сваёй гаміліі Папа Францішак паўтарыў, што словы «Ойча» і «наш» даюць сыноўскую тоеснасць і сям’ю, каб ісці наперад у жыцці. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |