17 чэрвеня Папа Францішак наведаў дзве супольнасці пажылых і пакутуючых святароў — супольнасць «Гара Табор» і супольнасць пажылых святароў Рымскай дыяцэзіі «Дом св. Гаэтана».
«У месяц, калі святкававаўся “Юбілей святароў”, да якіх Пантыфік звярнуўся са змястоўнымі разважаннямі ў рымскіх базыліках і з якімі цэлебраваў Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, Папа пажадаў прадэманстраваць сваю блізкасць і ўвагу таксама да тых святароў, якія фізічна не змаглі прыняць удзел у гэтых цудоўных юбілейных урачыстасцях, але якія заўсёды прысутнічаюць у яго малітвах і сэрцы», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Першай Пантыфік наведаў супольнасць «Гара Табор», якую складаюць восем святароў з італьянскіх дыяцэзій, якія маюць абмежаваныя магчымасці рознага тыпу і якім дапамагае сталы дыякан Эрмес Лупарыя, палкоўнік авіяцыі ў адстаўцы. Папа сустрэўся з некаторымі святарамі ў маленькай капліцы, выслухаўшы іх і памаліўшыся з імі.
Затым Пантыфік наведаў супольнасць пажылых святароў Рымскай дыяцэзіі «Дом св. Гаэтана». На сённяшні дзень у ёй пражывае 21 святар. «Аддаўшы жыццё служэнню Касцёлу і вернікам, зараз яны жывуць у адасабленні, і нямногія пра іх памятаюць. Але Папа – так, і гэтым сваім візітам ён пажадаў прадэманстраваць кожнаму з іх сваю канкрэтную і сардэчную любоў, поўную суцяшэння», — гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.
Візіт Папы стаў часткай юбілейнай ініцыятывы «Пятніцы міласэрнасці», у рамках якой Святы Айцец кожны месяц сустракаецца з людзьмі, асабліва патрабуючымі спагады. Раней Пантыфік ужо наведваў дом састарэлых, цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных, цэнтр для мігрантаў, сустракаўся з бежанцамі на востраве Лесбас і з асобамі, якія пакутуюць ад расстройстваў псіхікі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|