Пантыфік наведае ў Арменіі мемарыяльны комплекс | | Друк | |
Святы Айцец |
23.06.2016 14:28 |
Святы Айцец прыбудзе ў мемарыяльны комплекс раніцай 25 чэрвеня. Пантыфіка і Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна ІІ сустрэне група дзяцей. Яны скіруюцца да «Вечнага агню», каля якога адбудзецца кароткая малітва. Затым пройдзе цырымонія пасадкі дрэва, пасля чаго Пантыфік сустрэнецца з нашчадкамі людзей, выжыўшых падчас масавага знішчэння армян у Асманскай імперыі ў 1915 г., з якімі ўжо сустракаўся ў Кастэль-Гандольфа Бэнэдыкт XVI. Арменія стане 22-й краінай, якую наведае Папа Францішак. У верасні Папа здзейсніць падарожжа ў дзве іншыя каўказскія рэспублікі: Грузію і Азербайджан. Наведванне гэтых краін было падзелена на два этапы. Меркавалася, што ў чэрвені Патрыярх Грузінскай Праваслаўнай Царквы Ілія ІІ будзе прымаць удзел ва Усеправаслаўным Саборы на Крыце і таму не зможа сустрэцца з Пантыфікам. Візіт Святога Айца быў, такім чынам, перанесены на пазнейшы тэрмін. Грузінскі праваслаўны іерарх, аднак, адмовіўся прымаць удзел у Саборы за некалькі дзён да яго пачатку. Папа Францішак наведае Арменію ў адказ на візіт Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна ІІ у Ватыкан. Святы Айцец прыбудзе, каб падтрымаць мясцовую каталіцкую супольнасць, прадэманстраваць усяму армянскаму народу сваю салідарнасць і сяброўства. Першапачаткова Пантыфік планаваў наведаць гэтую краіну ў красавіку 2016 г. Падарожжа будуць асвятляць каля 600 журналістаў. Сярод іх будзе Евангеліна Іміцян, дачка армянскага пратэстанскага пастара і даўняга сябра Папы Францішка, а таксама аўтар біяграфіі Пантыфіка пад назвай «Папа людзей». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |