Пантыфік заклікаў спыніць хвалю тэрарызму | Друк |
Святы Айцец
03.07.2016 16:14

«Выказваю сваю блізкасць да родных загінуўшых і параненых падчас нападу ў горадзе Дака, а таксама ранейшага, які адбыўся ў Багдадзе», — сказаў Папа Францішак пасля малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 3 ліпеня.

«Памолімся разам. Памолімся разам за іх, за памерлых, і папросім Пана, каб навярнуў сэрцы людзей, якія звяртаюцца да насілля, будучы сляпымі ад нянавісці», — заклікаў Святы Айцец.

Таксама 2 ліпеня Пантыфік выказаў сваё «глыбокае засмучэнне па прычыне бессэнсоўнага гвалту ў дачыненні да нявінных ахвяр у горадзе Дака». У спачувальнай тэлеграме, якую скіраваў ад імя Папы Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін, Святы Айцец асудзіў «такія варварскія акты, бо яны зневажаюць Бога і чалавецтва».

Падчас нападу на рэстаран у сталіцы Бангладэш тэрарысты ўзялі групу закладнікаў. Сярод іх яны забілі 20 чалавек. Спецыяльныя абаронныя службы ў адказ забілі 6 тэрарыстаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by