Святы Айцец здзейсніць пілігрымку ў Асізі |
| Друк | |
Святы Айцец
|
05.07.2016 15:38 |
4 жніўня Папа Францішак адправіцца ў пілігрымку ў Асізі. Нагодай стане 800-годдзе адпусту «Portiuncula». Аб гэтым паведаміў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела.
Пантыфік мае намер прыватным чынам, як звычайны пілігрым, памаліцца ў папскай базыліцы Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі ў Асізі, якая была ўзведзена над капліцай пад назвай «Portiuncula», адбудаванай св. Францішкам Асізскім. З гэтай капліцай звязаны поўны адпуст, які пры звычайных умовах можна атрымаць у патранальнае свята Маці Божай Анёльскай, 2 жніўня. У 1967 г. благаслаўлёны Папа Павел VI пашырыў магчымасць атрымання ў гэты дзень адпусту «Portiuncula» на ўсе касцёлы ў свеце.
Гэта будзе 34-ы папскі візіт у Асізі і другі для Папы Францішка. Горад прымаў у агульнай складанасці 19 Наступнікаў св. Пятра, некаторых неаднойчы. Асізі называюць месцам, якое найчасцей у свеце прымае Пантыфікаў. Напрыклад, св. Ян Павел II быў тут шэсць разоў. Некаторыя Папы праводзілі ў Асізі некалькі тыдняў ці нават месяцаў.
Назва адпусту «Portiuncula» (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць святому Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць. Тады Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і святой Камуніі наведае гэта месца.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|