Папа прызначыў новага кіраўніка Прэс-службы Апостальскай Сталіцы | Друк |
Святы Айцец
12.07.2016 15:35

Папа Францішак правёў рэарганізацыю ў Прэс-службе Апостальскай Сталіцы. Пантыфік прыняў адстаўку а. Фэдэрыко Ламбардзі з пасады яе дырэктара і прызначыў на яго месца Грэга Бёрка, які пачне выконваць свае абавязкі з 1 жніўня 2016 г.

Акрамя таго, Святы Айцец прызначыў новага віцэ-дырэктара гэтай структуры. Ім стала Палома Гарсія Авехера.

56-гадовы Грэг Бёрк, які нарадзіўся ў ЗША, працуе ў структурах Святога Пасаду з 2012 г., калі быў прызначаны кансультантам па пытаннях камунікацыі ў секцыі па агульных пытаннях Дзяржаўнага Сакратарыяту. З 21 снежня 2015 г. быў віцэ-дырэктарам Прэс-службы Святога Пасаду. Валодае англійскай, італьянскай, іспанскай і французскай мовамі.

40-гадовая іспанка Палома Гарсія Авехера з верасня 2012 г. працавала ў якасці карэспандэнта ў Італіі і Ватыкане для некалькіх радыё- і тэлеканалаў, а таксама газет. Ведае іспанскую, англійскую, італьянскую, кітайскую мовы.

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі быў кіраўніком ватыканскай Прэс-службы з ліпеня 2006 г. Ён змяніў на гэтай пасадзе Хаакіна Наварра-Вальса.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by