Папа да польскага духавенства: «Жыць служэннем і адкрытасцю» | Друк |
Святы Айцец
30.07.2016 16:56

Пазбягаць прывязанасці да камфорту і двайнога жыцця заклікаў Папа Францішак святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў з усёй Польшчы. Для іх Пантыфік 30 ліпеня цэлебраваў Імшу ў санктуарыі св. Яна Паўла ІІ у Кракаве.

У гаміліі Папа нагадаў, што Езус ад самага пачатку жадаў, каб Касцёл не быў закрыты ў сабе, а ішоў у свет, наследуючы Яго прыклад: заняў пазіцыю не пана, а слугі. Гэтае пакліканне, па словах Святога Айца, датычыцца і сучасных вучняў Хрыста.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што святары і кансэкраваныя асобы нярэдка сустракаюцца са спакусай сканцэнтраванасці на сабе ці закрытасці ў сваім асяроддзі. Гэта, адзначыў Папа, адбываецца або па прычыне страху, або з-за жадання камфорту; Хрыстус жа кліча ісці па жыцці шляхам дару сябе.

Па словах Пантыфіка, Езусу не падабаюцца «шляхі, пройдзеныя напалову», «дзверы, пакінутыя замкнёнымі», «жыццё з двайнымі рэйкамі». Самыя блізкія вучні Пана павінны жыць «канкрэтнай любоўю», што значыць «служэннем і адкрытасцю», падкрэсліў Святы Айцец.

Хто вырашыў прыпадобіць сваё жыццё да Езуса, не выбірае сабе месцаў, але ідзе, куды яго пасылаюць, заўважыў Папа і дадаў, што скарбам такога чалавека павінна быць цэнтральная роля Хрыста ў яго жыцці.

Пантыфік заклікаў святароў пазбягаць сітуацый, калі іх спрабуюць паставіць у цэнтр, не імкнуцца да хісткіх п’едэсталаў улады, не прывязвацца да камфорту, які аслабляе евангелізацыю, не губляць часу на праектаванне бяспечнай і добра забяспечанай будучыні, каб не стаць ізаляванымі і сумнымі, закрытымі ў вузкіх сценах безнадзейнага і бязрадаснага эгаізму.

Пасля Эўхарыстыі ў санктуарыі св. Яна Паўла ІІ Пантыфік накіраваўся ў Кракаўскую курыю на абед з 13 юнакамі і дзяўчатамі з усіх кантынентаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by