Пантыфік наведаў разбураны землятрусам горад у Італіі | | Друк | |
Святы Айцец |
04.10.2016 12:44 |
Раніцай 4 кастрычніка Папа Францішак прыбыў у Аматрычэ — італьянскі горад у рэгіёне Лацыа, амаль цалкам разбураны ў выніку нядаўняга землятрусу. Пантыфіка суправаджаў біскуп Рыеці Даменіка Пампілі. Візіт Святога Айца распачаўся са школы, дзе ён прывітаў каля 100 дзяцей. Затым Пантыфік накіраваўся ў зону, зачыненую па меркаваннях бяспекі. Папа патлумачыў, што не прыбыў сюды раней, каб не перашкаджаць працы спецыялістаў. Святы Айцец некаторы час заставаўся ў малітоўным маўчанні перад руінамі, а затым паразмаўляў пра сітуацыю з пажарнымі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Папа Францішак не хаваў свайго болю, бачачы велізарныя маштабы разбурэнняў. Візіт Пантыфіка меў прыватны характар. Пра гэта ён паведаміў 2 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Баку ў Рым: «Я здзейсню гэты візіт у прыватным парадку, асабіста, як святар, як біскуп, як Папа. (...) Я хачу быць бліжэй да людзей». 24 жніўня, у дзень моцнага землятрусу, Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане замест традыцыйнай катэхезы правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі ахвяр. |