Папа Францішак разважае над магчымасцю наведаць Паўднёвы Судан | Друк |
Святы Айцец
27.02.2017 09:55

26 лютага папа Францішак паведаміў, што разважае над магчымасцю наведаць Паўднёвы Судан, дзе пануе голад. Пантыфік мяркуе, што можа туды накіравацца разам з англіканскім арцыбіскупам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі. 

Пра гэта Святы Айцец паведаміў падчас сустрэчы з англіканскай супольнасцю ў Рыме. З прапановай здзейсніць хаця б аднадзённы візіт у Паўднёвы Судан да Пантыфіка звярнуліся англіканскія і каталіцкія біскупы.

«Сітуацыя там вельмі складаная, але людзі прагнуць міру...» — сказаў папа Францішак.

Па даных Сусветнай харчовай праграмы ААН, амаль 100 тысяч жыхароў краіны могуць загінуць у бліжэйшы час, калі ў краіну не будзе дастаўлены дастатковы аб’ём гуманітарнай дапамогі.

Каля мільёна жыхароў Паўднёвага Судана знаходзяцца на мяжы голаду: з іх, па даных ЮНІСЕФ, больш за 250 тысяч дзяцей. Усяго ад недаядання ў афрыканскай краіне пакутуе каля 40 працэнтаў насельніцтва — 4,9 мільёны чалавек.

Эканамічны стан у Паўднёвым Судане, дзе з 2013 года ідзе грамадзянская вайна, за апошнія гады вельмі пагоршыўся. Былы генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун раней выказваў асцярогу адносна магчымага генацыду ў краіне.

Паводле deon.pl, bbc.com (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by