Папа Францішак: на гары Табор Езус паказаў сябе ў хвале, але самотным вандроўнікам | Друк |
Святы Айцец
14.03.2017 10:54

На гары Табор, дзе Пан перамяніўся, адбылося «Божае аб’яўленне, якое ўсё пераварочвае, а знак гэтага перавароту, што найбольш бянтэжыць, гэта крыж», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 12 сакавіка.

Дарагія браты і сёстры, дзень добры!

Евангелле ў гэтую Другую нядзелю Вялікага посту апавядае нам пра Перамяненне Езуса (пар. Мц 17, 1–9). Узяўшы з сабою асобна трох Апосталаў: Пятра, Якуба і Яна, Ён узышоў з імі на высокую гару, і там адбылася гэтая надзвычайная з’ява: аблічча Езуса «заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло» (пар. Мц 17, 2). Такім чынам Пан Езус у сваёй Асобе дае ўбачыць ззянне той Божай хвалы, якую можна было ў веры ўспрыняць у Яго пропаведзі і ў Ягоных цудах. Перамяненне на гары суправаджаецца з’яўленнем Майсея і Іллі, якія «размаўлялі з Ім» (пар. Мц 17, 3).

«Ззянне», якое асвятліла гэтую надзвычайную падзею, сімвалічна паказвае яго мэту: асвятляць розум і сэрца вучняў, каб яны маглі ясна зразумець, хто такі іх Настаўнік. Гэта — успышка святла, якое нечакана праліваецца на таямніцу Езуса і асвятляе ўсю Яго Асобу і ўвесь Яго жыццёвы шлях.

Адгэтуль ужо беспаваротна кіруючыся ў Ерузалем, дзе Яго чакае смяротны прысуд і ўкрыжаванне, Езус жадае падрыхтаваць сваіх спадарожнікаў да спакусы — спакусы крыжа — да гэтай спакусы, занадта моцнай для іхняй веры, і ў той жа час прадказаць сваё ўваскрасенне, аб’явіўшыся як Месія, Сын Божы. І Езус рыхтуе іх да гэтай сумнай і поўнай болю хвіліны.

Сапраўды, Езус паказвае сябе як Месію зусім не такога, якога чакалі, адрознага ад тых уяўленняў, якія мелі пра Месію, якім Ён павінен быць: не магутным і слаўным валадаром, а пакорным і безабаронным слугою; не панам з вялікім багаццем, што было знакам благаслаўлення, а бедным чалавекам, які не меў, дзе схіліць галаву; не родапачынальнікам шматлікага патомства, а самотным вандроўнікам без дома і без прытулку.

Гэта сапраўды Божае аб’яўленне, якое ўсё пераварочвае, а знак гэтага перавароту, што найбольш бянтэжыць, гэта крыж.

Але менаваіта праз крыж Езус дасягне хвалебнага ўваскрасення, якое будзе ўжо назаўжды, а не так, як тое перамяненне, што працягвалася толькі нейкі момант, адно імгненне.

Езус, які перамяніўся на гары Табор, хацеў паказаць вучням сваю хвалу не для таго, каб пазбавіць іх ад неабходнасці прайсці праз крыж, але каб паказаць, да чаго крыж вядзе.

Той, хто з Хрыстом памірае, разам з Хрыстом уваскрэсне. Крыж — гэта брама, што вядзе да ўваскрасення.

Той, хто разам з Ім змагаецца, разам з Ім пераможа. Гэта пасланне надзеі, якое нясе ў сабе Хрыстовы крыж, што заклікае быць моцным у нашым існаванні. Хрысціянскі крыж — гэта не прадмет інтэр’еру і не ўпрыгожанне на шыю. Хрысціянскі крыж — гэта заклік да любові, з якой Езус ахвяраваў сябе дзеля збаўлення чалавецтва ад зла і граху. У гэты час Вялікага посту будзем з пашанаю ўглядацца ва ўкрыжаванне, у Езуса на крыжы: гэта — сімвал хрысціянскай веры, сімвал Езуса, які дзеля нас памёр і ўваскрос. Няхай Крыж пазначае кожны крок нашага велікапоснага шляху, каб мы ўсё глыбей разумелі цяжар граху і каштоўнасць ахвяры, якой Адкупіцель усіх нас збавіў.

Найсвяцейшая Панна ўмела бачыць хвалу Езуса, схаваную ў Ягонай чалавечнасці. Няхай Яна дапаможа нам разам з Ім трываць у ціхай малітве, дазволіць асвятліць нас Ягонай прысутнасці, каб праз самыя цёмныя ночы мы пранеслі ў сэрцы водбліск Ягонай хвалы.

Дк. Мікола Гракаў

 
© 2003-2024 Catholic.by