40-годдзе энцыклікі Паўла VI «Humanae Vitae» | Друк |
Святы Айцец
31.07.2008 18:39

40-я гадавіна абвяшчэння энцыклікі Паўла VI «Humanae Vitae», у якой Папа пацвердзіў традыцыйнае вучэнне Каталіцкага Касцёла аб сужэнстве, адзначалася 25 ліпеня гг. Гэтая энцыкліка, адкрытая на свет і поўная разумення ў адносінах да сучаснага чалавека, у той жа час нагадвала і падкрэслівала традыцыйнае, шматвяковае вучэнне Каталіцкага Касцёла аб сужэнстве.

Папа выразна і рашуча акрэсліваў як маральна недапушчальныя абмежаванне колькасці патомства, штучныя метады рэгулявання плоднасці, а асабліва непасрэднае перарыванне цяжарнасці, нават калі яно робіцца па медыцынскіх прадпісаннях. Таксама рашуча выказаўся ён супраць «абясплоджвання назаўсёды ці на нейкі час як мужчыны, так і жанчыны». І, урэшце, папскі дакумент асуджаў адназначна «кожнае дзеянне, якое ў планаванні сужэнскай блізкасці, падчас яго ці ў развіцці яго натуральных вынікаў мела б на мэце зрабіць немагчымым зачацце або вяло б да гэтага».

Свой дакумент Папа Павел VІ закончыў словамі: «Заклікаем вас да сапраўды вялікай справы выхавання, развіцця і любові. На нашу думку, гэта насамрэч велізарная справа на карысць як свету, так і Касцёла. Чалавек не здольны дасягнуць Найвышэйшага Бога, таму да законаў прыроды ён павінен ставіцца ў духу мудрасці і любові».

Варта таксама падкрэсліць, што вялікі ўклад у падрыхтоўку гэтага дакумента, а асабліва ў здабыванне для Папы шматлікіх аргументаў (напрыклад, на карысць выкарыстання натуральных метадаў планавання зачацця і арганізацыі душпастырства сем’яў), зрабіў тагачасны арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Караль Вайтыла.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 

 
© 2003-2024 Catholic.by