Біскуп Антоні Дзям’янка прадстаўляе Касцёл у Беларусі на Сінодзе Біскупаў у Рыме | Друк |
Святы Айцец
23.10.2008 15:10

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, які ў гэты час знаходзіцца ў Рыме і прадстаўляе Каталіцкі Касцёл ў Беларусі на ХІІ Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, даслаў інфармацыю пра ход яе працы на другім тыдні, якую прапануем Вашай увазе.

Інфармацыя пра ХІІ Генеральную асамблею Сіноду Біскупаў у Рыме на тэму «Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла» (на 19 кастрычніка 2008 г.)

Другі тыдзень Сіноду Біскупаў, які праходзіць у Рыме і прысвечаны Слову Божаму, праходзіў вельмі інтэнсіўна. У першыя тры дні айцы Сіноду зачытвалі свае меркаванні, разважанні, выступалі з прамовамі, зваротамі адносна тэмы Сіноду, прадстаўленай у яго працоўным дакуменце «Instrumentum laboris». Святы Айцец Бэнэдыкт XVI таксама выступіў з пэўнымі разважаннямі і прапановамі, якія скіраваў да айцоў Сіноду.

Між іншым, арцыбіскуп Астаны (Казахстан) распавёў пра тое, што яшчэ ў недалёкім мінулым вернікі краіны, якую ён прадстаўляе, не маючы нават Святога Пісання, захавалі і перадалі каталіцкую веру наступным пакаленням, дзякуючы малітве на Ружанцы і разважанням над яго таямніцамі.

Дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Украіны падкрэсліў, што хрысціянін нясе адказнасць за свае дзеянні ва ўмовах свабоды, а таксама пануючых дэструктыўных сіл, скіраваных на маральны рэлятывізм. Дэлегат Грэка-каталіцкай Царквы разважаў пра паглыбленне адзінства паміж хрысціянамі.

Арцыбіскуп з Познані (Польшча) звярнуў увагу на тое, што Бог любіць усіх людзей, а Божы Сын прыйшоў, каб даць магчымасць кожнаму быць збаўленым, і таму ні адзін народ не можа быць выключэннем. Кожны чалавек, які жыве, кіруючыся Святым Пісаннем, — дарагі Богу.

Дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў афрыканскай краіны, дзе не так даўно скончыліся кровапралітныя канфлікты, з-за якіх гінулі людзі, распавёў пра тое, як хрысціяне ў Святле Евангелля зноў вучацца жыць і сумесна працаваць дзеля агульнага дабра.

Дэлегат лістоўскага епіскапату падзяліўся меркаваннем пра тое, што ва ўмовах секулярнага свету і ідэй, якія ён прапануе, хрысціянін не павінен траціць надзеі, але павінен чыніць дабро і быць верным свайму хрысціянскаму пакліканню.

У ліку выступаючых былі таксама прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў. Законная сястра, якая працуе з дзецьмі ў Паўночнай Афрыцы, распавяла пра працу іх супольнасці, якая, кіруючыся Евангеллем, аказвае дапамогу бедным і пакінутым, забяспечвае іх усім неабходным для жыцця: ежа, адзенне, прытулак.

Законная сёстра з Японіі распавяла пра асаблівасці абвяшчэння Божага слова ва ўмовах усходняй культуры. Сёстры, працуючы з дзецьмі і моладдзю, дапамагаюць ім не стаміцца ў гэтым імклівым жыцці, не паддацца дэпрэсіі. Такім чынам яны рэалізуюць Евангелле. Сястра прывяла практычныя прапановы, як дапамагчы тым хрысціянам, якія яшчэ не маюць Бібліі.

Біскуп з Індыі падзякаваў Святому Айцу і іншым партыкулярным касцёлам за салідарнасць, праяўленую ў нялёгкія часы для хрысціянаў гэтай краіны. Прагучалі разважанні і прапановы, як ва ўмовах дзеяння дэструктыўных сект, агрэсіўна настроеных супраць хрысціянаў, захаваць сваю тоеснасць.

Дэлегат краінаў Скандынавіі паведаміў пра існуючыя цяжкасці ў нясенні Божага слова з-за недастатковай колькасці святароў і тэрытарыяльнай аддаленасці народаў. Адносна гэтай праблемы выступілі таксама дэлегаты з афрыканскай краіны і паўднёва-амерыканскай краіны, дзе ў многія парафіі святар даязджае толькі раз у месяц або раз у два месяцы. У такіх выпадках вялікую дапамогу аказваюць катэхеты, якія кожную нядзелю і ў святы збіраюць вернікаў, каб чытаць Святое Пісанне і разважаць над Божым словам.

Дэлегатамі пэўных епіскапатаў былі ўнесены прапановы адносна формаў гаміліі, пачатковай катэхезы і ўрачыстага абвяшчэння Божага слова. Прапанову надаць абвяшчэнню Божага слова ўрачыстую форму ўнёс адзін з сузаснавальнікаў Неакатэхуменату.

Айцы Сіноду выказалі таксама меркаванне, што манаскія супольнасці з’яўляюцца практычнай рэалізацыяй Евангелля, а іх члены з’яўляюцца сведкамі таго, што Евангелле — гэта кніга і для сучаснага чалавека, бо яе наказамі жывуць людзі, якія захоўваюць евангельскія парады беднасці, чысціні і паслухмянасці, жывучы паводле прадпісанняў заснавальніка супольнасці, зацверджаных кампетэнтнай касцёльнай ўладай.

Настаяцель бэнэдыктынскай манаскай супольнасці з Клерво (Люксембург) расказаў пра гісторыю гэтай слаўнай і вядомай манаскай супольнасці, пра захаванне ёю традыцый і пашаны Святога Пісання.

Свецкая жанчына, прафесар аднаго з маскоўскіх універсітэтаў, дала сведчанне пра тое, што ў часы існавання Савецкага Саюза, яна, вахаваная ў атэістычнай сістэме адукацыі, знаходзіла найвялікшы духоўны скарб у чытанні Святога Пісання і разважанні над ім.

Прадстаўнік краіны Усходу адзначыў, што такія вялікія рэлігіі свету як Юдаізм, Буддызм, Індуізм, Іслам таксама маюць святыя кнігі, і гэта — элемент, які трэба выкарыстоўваць для вядзення міжрэлігійнага дыялогу.

Пасля выступленняў прадстаўнікоў епіскапатаў адбывалася праца ў групах. Усяго было 12 моўных груп, у якія ўваходзіла 15–30 чалавек. Сабраныя выказваліся адносна пачутых меркаванняў, для таго, каб ва ўпарадкаванай форме прадставіть тое, з чым удзельнікі Сіноду прыбылі на яго Генеральную асамблею. Прадстаўнік кожнай такой працоўнай групы выступаў са своеасаблівай справаздачай у прысутнасці Святога Айца і сабраных дэлегатаў. Кожнае выступленне працягвалася 10–15 хвілін.

Падчас перапынкаў з 10.30 да 11.00 па мясцовым часе Святы Айцец сустракаўся з кожным з айцоў Сіноду, якія былі падзелены на моўныя групы.

Я меў шчасце на працягу некалькіх хвілін асабіста паразмаўляць з наступнікам Святога Пятра. Святы Айцец пацікавіўся жыццём Каталіцкага Касцёла на Беларусі, запытаў пра біскупаў і дзейнасць дыяцэзій.

У панядзелак 13 кастрычніка ў базыліцы святога Паўла за мурамі з нагоды святкавання Года святога апостала Паўла адбыўся канцэрт у межах VII Міжнароднага фестывалю касцёльнай музыкі і мастацтва, на якім прысутнічаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI. У выкананні Венскага філарманічнага аркестра прагучала Шостая сімфонія Антона Брукнера.

16 кастрычніка, у 30-ю гадавіну абрання на Святы Пасад Яна Паўла ІІ, у 11.00 у базыліцы святога Пятра адбылася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў Кракаўскі арцыбіскуп кардынал Станіслаў Дзівіш. Падчас гэтай Літургіі шматлікія біскупы, святары, законнікі і законніцы, а таксама пілігрымы з Польшчы, якія запоўнілі ўсю святыню, дзякавалі Богу за Слугу Божага Яна Паўла ІІ.

Увечары ў зале Паўла VI адбыўся паказ фільму пра Пантыфікат Яна Паўла ІІ. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які таксама прысутнічаў на яго праглядзе, падзякаваў кардыналу Станіславу Дзівішу за ініцыятыву і актыўны ўдзел у сварэнні кіналенты-сведчання. Пантыфік удзяліў сваё благаслаўленне стваральнікам фільма і ўсім прысутным.

На аснове прадстаўленых групамі заўваг і меркаванняў быў апрацаваны адпаведны дакумент, які быў зачытаны ўсім прысутным. Пасля чаго была ўнесена прапанова зрабіць дзве версіі дакумента — поўную і скарочаную.

На гэтым тыдні таксама адбылося галасаванне за кандыдатаў (адзін кандыдат з кожнага кантынента) у постсінадальную камісію.

У нядзелю 19 кастрычніка айцы Сіноду накіраваліся ў Кастэль Гандольфа, дзе пабывалі ў цэнтры руху факаляраў, заснавальніцай якога з’яўляецца К’яра Любіч. Кіраўнікі цэнтра распавялі пра сваю дзейнасць у свеце. Адбыўся прагляд некалькіх дакументальных фільмаў пра здзейсненыя душпастырскія праекты ў розных краінах свету. У адной з цэнтральнаафрыканскіх краін быў здзейснены душпастырска-гуманітарны праект. Дзякуючы членам гэтага руху былі пабудаваны касцёл, школа, сацыяльны цэнтр, праведзены водаправод і г.д. Рэалізацыя праекта працягвалася шмат гадоў. Пасля прагляду фільма адзін з афрыканскіх біскупаў устаў і даў сведчанне, што гэты праект быў рэалізаваны ў мястэчку, дзе ён нарадзіўся. У той час ён быў яшчэ юнаком. Жыхары мястэчка і сёння ўдзячныя за гэты дабрачынны дар, які рух факаляраў, кіруючыся Евангеллем, зрабіў для іх рэгіёну.

 
© 2003-2025 Catholic.by