Армянскі Каталікос Арам І прыбыў у Ватыкан | Друк |
Святы Айцец
24.11.2008 18:21
Армянскі Каталікос Вялікага Дома Кілікійскага Арам І, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Ліванскай Рэспубліцы (Блізкі Усход), 24 лістапада 2008 г. прыбыў у Ватыкан з афіцыйным візітам па запрашэнні Бэнэдыкта XVI. Акрамя дзвюх сустрэчаў са Святым Айцом праграма візіту прадугледжвае размовы са старшынёю Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардыналам Вальтэрам Касперам.

«Гэта важны візіт, мэтай якога з’яўляецца ўзмацненне адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Армянскай Апостальскай Царквой», — адзначыў кардынал Вальтэр Каспер.

Гэта ўжо другі візіт Арама І у Вечны Горад. Першы візіт адбываўся 11 гадоў таму (23–26 студзеня 1997 г.), падчас якога Армянскі Каталікос сустракаўся з папам Янам Паўлам ІІ. Сёння Арам І будзе маліцца каля труны Вялікага Папы ў базыліцы святога Пятра.

Сёння ж у Апостальскім палацы адбудзецца першая сустрэча ўсходняга іерарха са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, а таксам супольная малітва Пантыфіка з Арамам І у капліцы Redemptoris Mater («Маці Адкупіцеля»).

26 лістапада Арам І прыме ўдзел у агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом. Плануецца, што падчас свайго візіту ў Ватыкан Армянскі Каталікос наведае базыліку святога Паўла за Мурамі, а таксама выступіць у Папскім Урбаніянскім універсітэце з дакладам, у якім распавядзе пра хрысціянаў на Блізкім Усходзе.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by