Эма Томпсан пракансультавалася з Ватыканам | Друк |
Святы Айцец
25.11.2008 20:39
Вядомая брытанская актрыса, а таксама перакананая атэістка Эмма Томпсан, рыхтуючыся да сваёй новай ролі, пракансультавалася па тэлефоне з Ватыканам. «Я пазваніла, прадставілася і сказала, што ў новым фільме буду іграць каталічку, і таму прашу аб дапамозе», — паведаміла Эма Томпсан у размове з журналістам нямецкага выдання «Frankfurter Rundschau».

У фільме «Вяртанне ў Брайдсхед» 49-гадовая актрыса атрымала ролю жанчыны пачатку ХХ стагоддзя, якая імкнецца жыць так, каб пасля смерці апынуцца ў небе. Такі стыль жыцця жанчына спрабуе таксама навязаць сваім дзецям.

Эма Томпсан, двукратная лаўрэатка прэміі «Оскар», паведаміла, што ў размове на тэму веры і рэлігіі ёй вельмі дапамог адзін са святароў Ватыкана. «Я таксама хадзіла ў касцёл, чытала Біблію, малілася», — прызналася актрыса. Усё гэта, праўда, не змяніла яе асабістых адносінаў да рэлігіі, аднак, — як сцвярджае сама Эма, — яна спазнала, што «вера можа быць чымсьці сапраўды цудоўным».

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў

 
© 2003-2025 Catholic.by