Першая агульная аўдыенцыя са Святым Айцом ў новым годзе | Друк |
Святы Айцец
08.01.2009 20:55
Сапраўдны Божы культ у вучэнні святога Паўла — такою была тэма катэхезы падчас першай сёлетняй агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI. Пантыфік пажадаў удзельнікам аўдыенцыі з адкрытым сэрцам і розумам трываць у сяброўстве з Хрыстом у новым годзе.

Менавіта святы Павел сваім жыццём і прыкладам вучыць, як можна споўніць гэтае пажаданне Святога Айца. Апостал Народаў у сваім вучэнні на тэму Божага культу, пазбягае тэрміналогіі Старога Запавету, звязанай з прынашэннем ахвяраў.

У Пасланні да Эфесцаў святы Павел падкрэслівае, што смерць Хрыста была ахвяраю ўсеспалення, але найчасцей ён называе яе адкупленнем, паяднаннем, апраўданнем. У Пасланні да Рымлянаў Апостал Народаў заахвочвае: «Прашу Вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае» (пар. Рым 12, 1). Такім чынам, жыццё хрысціяніна павінна быць нястомным духоўным культам, ахвяраю, якую ён прыносіць Богу ўласным жыццём. Гэта павінна быць «ахвяра жывая», якая вынікае з аўтэнтычнай любові, ахвяра чыстая, святая і прыемная Богу, якая ўзносіцца перад Ім, як прыемных пах.

Святы Айцец нагадаў, што гэтую тэму закранаюць у сваіх трактатах таксама св. Ян Хрызастом, Філон Александрыйскі, Арыген, св. Тамаш Аквінскі, Эразм Ратэрдамскі. Філон Александрыйскі, напрыклад, лічыў, што існуюць нібы дзве святыні Божыя: адной з іх з’яўляецца космас, сусвет, а другою — разумная душа чалавека. «Менавіта ў такім духу „перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая прыемная і дасканалая“ (пар. Рым 12, 2)», — заклікаў Бэнэдыкт XVI, цытуючы Пасланне святога Паўла да Рымлянаў.

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by