Ватыкан далучыцца да святкавання Міжнароднага года астраноміі | Друк |
Святы Айцец
12.01.2009 18:20

Апостальская Сталіца далучыцца да святкавання Міжнароднага года астраноміі, які адзначаецца ў сувязі з 400-годдзем першых тэлескопных назіранняў Галілея.

Прадстаўнікі Ватыканскай Астранамічнай Абсерваторыі будуць удзельнічаць ва ўрачыстасці інаўгурацыі Міжнароднага года астраноміі, якая адбудзецца 15 студзеня 2009 г. у сядзібе ЮНЭСКА ў Парыжы.

У склад ватыканскай дэлегацыі ўваходзяць: дырэктар Ватыканскай Астранамічнай Абсерваторыі і спецыяліст у галіне даследвання галактык кс. Жазэ Габрыіл Фунес, эксперт у галіне планетарных сістэмаў брат Гай Кансальманьё і кс. Павел Габар, які працуе над удасканальваннем прыладаў, што служаць для адкрыцця планетаў па-за Сонечнай сістэмай.

У межах святкавання Міжнароднага года астраноміі Ватыканская Тыпаграфія надрукуе выданне, прысвечанае ўзаемадзеянню Апостальскай Сталіцы і астранамічных навук. У чэрвені Ватыканская Абсерваторыя арганізуе навуковы сімпозіум, прысвечаны ролі астраноміі і астраномаў у грамадстве XXI ст.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 
© 2003-2025 Catholic.by