Святы Айцец звярнуўся да кансэкраваных асобаў | Друк |
Святы Айцец
03.02.2009 18:23

«Наследванне святога Паўла ў крочанні за Хрыстом — гэта надзейны шлях адказу на пакліканне да святарскага і манаскага жыцця», — з такімі словамі звярнуўся Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў святой Імшы ў свята Ахвяравання Пана і XIII Дзень кансэкраванага жыцця, якую ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Франц Радэ CM.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што «традыцыя Касцёла заўсёды бачыла ў святым Паўле айца і настаўніка для тых, каго Бог паклікаў і хто цалкам аддае сябе Яму і Яго Евангеллю».

Святы Айцец падкрэсліў таксама, што прыклад святога Паўла ў наследванні Хрыста — гэта шлях адказу на пакліканне, гэта прыклад у паслухмянасці і місійнай дзейнасці: ён жыў для Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце.

Напрыканцы гаміліі Бэнэдыкт XVI выказаў надзею, што Год святога Паўла ажывіць у кансэкраваных асобах намер прыняць сведчанне Апостала Народаў падчас штодзённага разважання Божага слова і малітвы.

«Няхай яго прыклад дапаможа рэалізаваць ваша апостальскае служэнне ў Касцёле і з ім у духу безумоўнага адзінства, каб вы ўчынілі дар для іншых са сваіх харызматаў і давалі сведчанне ў першую чаргу галоўнага харызмату, якім з’яўляецца любоў, — заклікаў Святы Айцец.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў
 
© 2003-2025 Catholic.by