Бэнэдыкт XVI пра значэнне малітвы падчас Вялікага посту | Друк |
Святы Айцец
09.03.2009 17:10
Незвычайнаю дапамогаю для хрысціяніна з’яўляецца погляд на ўласнае жыццё ў святле Божай любові. 8 сакавіка 2009 г. падчас малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заахвоціў кожнага хрысціяніна менавіта ў такой перспектыве перажываць час Вялікага посту.

Пантыфік, узгадваючы свае рэкалекцыі разам з духавенствам Рымскай Курыі, якія адбываліся на мінулым тыдні, падкрэсліў каштоўнасць малітвы, якая дапамагае зразумець і прыняць Божую волю. Сваёй вяршыні яна дасягае, калі дух чалавечы яднаецца з Божым Духам. Менавіта гэта з’яўляецца крыніцаю ўнутранага святла.

«Разам з постам і справамі міласэрнасці малітва стварае своеасаблівы каркас нашага духоўнага жыцця, — казаў Святы Айцец. — Дарагія браты і сёстры, я заклікаю вас, каб падчас Вялікага посту вы знаходзілі больш часу на цішыню, засяроджанне, каб убачыць сваё жыццё ў святле плану любові Нябеснага Айца. Дазвольце, каб гэтым уважлівым слуханнем кіравала  Панна Марыя — Настаўніца і ўзор малітвы. Нават у самай змрочнай цемры мукі Хрыста Марыя не страціла, а наадварот, захоўвала ў сваім сэрцы святло Божага Сына. Таму мы называем Яе Маці даверу і надзеі!»

Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё

 
© 2003-2025 Catholic.by