Бэнэдыкт XVI выказаў спачуванні польскаму народу і даручыў вернікаў Божай міласэрнасці | | Друк | |
Слова Папы |
12.04.2010 14:33 |
Па словах Святога Айца, апошні дзень актавы Пасхі адзначаецца радасцю вучняў, якія ўбачылі ўваскрослага Езуса. З даўніх часоў гэты дзень называўся «in albis», ад лацінскай назвы белых шатаў, якую ўскладалі новаахрышчаныя падчас хросту ў велікодную ноч і здымалі праз восем дзён. Папа Ян Павел ІІ прысвяціў гэтую нядзелю Божай міласэрнасці з нагоды кананізацыі с. Фаустыны Кавальскай, што адбылася 30 красавіка 2000 г. У Евангеллі паводле Яна, як адзначыў Пантыфік, гаворыцца аб тым, што пасля ўваскрасення Хрыстус наведаў сваіх вучняў, увайшоўшы ў вячэрнік пры зачыненых дзвярах. Па словах св. Аўгустына, «замкнёныя дзверы не перашкодзілі ўвайсці гэтаму целу, у якім прабывала Боскасць. Той, які, нарадзіўшыся, пакінуў непарушным дзявоцтва Маці, мог увайсці ў вячэрнік праз зачыненыя дзверы». Святы Грыгорый Вялікі, працягваў Папа, дадае, што Адкупіцель чалавецтва пасля свайго ўваскрасення вярнуўся ў незнішчальнае цела, у стан ласкі. Езус паказвае сляды мукі на сваім целе, дазваляючы Тамашу дакрануцца да іх. Такім чынам, Бог дазваляе нам чэрпаць карысць нават з недаверу, па прыкладзе Тамаша. |