Бэнэдыкт XVI: Пан побач з кожным з нас | Друк |
Слова Папы
17.05.2010 12:21

Нягледзячы на Уваскрасенне, Езус не пакінуў нас, але застаецца з намі ў новай постаці, — нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважанні перад нядзельнай малітвай «Regina Caeli» 16 мая 2010 г. у Апостальскай Сталіцы. Звяртаючыся да вернікаў з Рыма, Італіі і замежжа, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра, Папа падкрэсліў, што Пан побач з кожным з нас і вядзе нас па шляху хрысціянства.

У гэты дзень, як адзначыў Пантыфік, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, а таксама Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі, які сёлета праходзіць пад дэвізам «Святар і душпастырства ў лічбавым свеце: новыя мас-медыя ў служэнні Слова». У нядзельным чытанні з Евангелля апавядаецца аб развітанні Хрыста з вучнямі, аднак, як падкрэсліў Святы Айцец, Езус застаецца з намі назаўсёды ў новай постаці. Святы Бэрнард Клервоскі кажа, што Унебаўшэсце Пана адбываецца ў трох плоскасцях: «першай з’яўляецца хвала змёртвыхпаўстання, другой — сіла суджэння і трэцяй — знаходжанне праваруч Айца».

Перад гэтым адбылося благаслаўленне вучняў, якое рыхтуе іх да прыняцця Духа Святога, каб збаўленне абвяшчалася паўсюдна. Пан скіроўвае позірк Апосталаў да Неба, асабліва праз слова і сакрамэнтальнае дзеянне. У сувязі з гэтым Папа заклікаў дзяцей і моладзь, якія ў гэты велікодны перыяд атрымаюць сакрамэнт канфірмацыі, заставацца вернымі Божаму слову і атрыманай навуцы, са шчырым сэрцам прыступаць да сакрамэнту пакаяння і Эўхарыстыі з усведамленнем таго, што былі абраны, каб сведчыць аб Праўдзе.

Святарам Бэнэдыкт XVI пажадаў, каб «у сваім жыцці і дзейнасці яны давалі евангельскае сведчанне» і здолелі мудра карыстацца сродкамі масавай інфармацыі, каб інфармаваць аб жыцці Касцёла і дапамагаць усім людзям адкрываць аблічча Хрыста.

 
© 2003-2024 Catholic.by