Бэнэдыкт XVI: у Год веры неабходна цаніць каштоўнасць малітвы Ружанца | Друк |
Слова Папы
07.10.2012 19:59

Цаніць каштоўнасць малітвы Ружанца ў Год веры, які распачынаецца, заахвоціў вернікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у разважаннях перад сённяшняй малітвай «Анёл Панскі». Па словах Папы, дзякуючы Ружанцу мы дазваляем весці сябе Марыі, «якая з’яўляецца ўзорам веры ў разважанні таямніц Хрыста».

«Сёння мы звяртаемся з малітвай да Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ў гэты дзень ушаноўваем як Каралеву святога Ружанца», — адзначыў Пантыфік. Святы Айцец падкрэсліў, што хацеў бы «прапанаваць усім ацэньваць належным чынам каштоўнасць ружанцовай малітвы ў надыходзячым Годзе веры». Праз гэтую малітву, як адзначыў Папа, мы глыбей усведамляем Евангелле.

«Таму ўслед за маімі папярэднікамі, а асабліва за бл. Янам Паўлам ІІ, які 10 гадоў таму даў нам апостальскі ліст „Rosarium Virginis Mariae“, заахвочваю да малітвы Ружанца — асабіста, у сям’і і ў супольнасцях, навучаючыся тым самым у школе Марыі, якая вядзе нас да Хрыста, жывога цэнтру нашай веры», — сказаў Пантыфік.

Папа нагадаў таксама пра адкрыццё Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі і пра Год веры, што распачнецца праз некалькі дзён. Звяртаючыся да пілігрымаў з Іспаніі і Германіі, Святы Айцец узгадаў пра свв. Яна Авільскага і Хільдэгарду з Бінгена, якіх сёння абвясціў Дактарамі Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by