Пасланне Папы на Дзень хворых: уваскрасенне Хрыста дае церпячым упэўненасць у блізкасці Бога | Друк |
Слова Папы
11.02.2013 12:19

Да «дыяконіі любові» і абароны кожнага чалавечага жыцця заклікаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні на XXI Сусветны дзень хворых. Цэнтральныя ўрачыстасці гэтага дня пройдуць 11 лютага ў Альтоцінгу (Баварыя).

Як падкрэслівае Папа ў пасланні, гэты дзень з’яўляецца «для хворых і супрацоўнікаў службы аховы здароўя, для верных хрысціян і ўсіх людзей добрай волі плённым часам малітвы, спачування і ахвяры для дабра Касцёла» і «скіраваным да ўсіх выклікам распазнаць у хворым браце святое аблічча Хрыста». Пантыфік нагадвае словы Другога Ватыканскага Сабору: «Вы не пакінуты, не з’яўляецеся непатрэбнымі: вы пакліканы Хрыстом, вы — Яго ясны вобраз».

Святы Айцец нагадвае ў пасланні прыпавесць пра міласэрнага самараніна, у якой Хрыстус «паказвае, якім павінна быць стаўленне кожнага Яго вучня да іншых, асабліва да патрабуючых апекі». Гэта, па словах Папы, адносіцца не толькі да супрацоўнікаў службы аховы здароўя, але і да ўсіх, у тым ліку да самога хворага, які можа перажываць свой стан у перспектыве веры.

Як адзначае Пантыфік, Езус вызваляецца са свайго «боскага ўбрання», каб наблізіцца да церпячага чалавека, прынесці яму святло і надзею. А Год веры «з’яўляецца асаблівай нагодай, каб узмацніць дыяконію любові ў нашых касцёльных супольнасцях, каб кожны стаў міласэрным самаранінам для бліжняга». У якасці прыкладу Папа ўзгадвае Маці Тэрэзу з Калькуты, якая «пачынала дзень з сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі, а пасля выходзіла з ружанцам на вуліцу, каб спаткаць Бога ў церпячых», і іншых святых.

Папа нагадвае таксама пра Маці Божую, якая ідзе за церпячым Сынам да самага канца, ніколі не губляе надзею на Яго перамогу над злом, пакутамі і смерцю. А ўваскрасенне Хрыста «дае церпячым надзею і новую ўпэўненасць у блізкасці і суцяшэнні Бога».

У пасланні Святы Айцец дзякуе каталіцкім і грамадскім установам аховы здароўя, дыяцэзіям, супольнасцям, якія займаюцца душпастырствам хворых. Бэнэдыкт XVI нагадвае, што апека над жыццём з’яўляецца адным з важных аспектаў місіі Касцёла, і давярае сёлетні Сусветны дзень хворых заступніцтву Маці Божай Ласкавай з Альтоцінга, просячы яе «суправаджаць церпячае чалавецтва ў пошуку нязломнай надзеі».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by