«Таксама і я стаю сёння разам з вамі перад Святой Плашчаніцай і дзякую Пану, які праз сучасныя тэхнічныя сродкі стварае нам такую магчымасць», — адзначае папа Францішак у пасланні з нагоды выстаўлення Турынскай Плашчаніцы, якое адбудзецца 30 сакавіка ў турынскай катэдры. Гэтая падзея будзе трансліравацца італьянскім тэлебачаннем «RAI Uno».
«Гэтае аблічча мае закрытыя вочы, але таемна пазірае на нас і ў цішыні да нас прамаўляе, — гаворыцца ў пасланні Святога Айца пра выяву на Плашчаніцы. — Чаму верны люд, як вы, хоча затрымацца перад гэтай іконай Чалавека бічаванага і ўкрыжаванага? Бо Чалавек з Плашчаніцы запрашае нас сузіраць Езуса з Назарэта. Гэты вобраз, які адбіўся на палатне, прамаўляе да нашага сэрца і пабуджае нас узысці на Галгофу, глядзець на крыж, заглыбіцца ў красамоўнае маўчанне любові».
«Дазволім жа, — піша Папа, — каб нас агарнуў гэты позірк, які шукае не нашых вачэй, але нашага сэрца. Паслухаем, што ён хоча нам сказаць, у маўчанні, пераадольваючы саму смерць. Праз Святую Плашчаніцу нас дасягае выключнае і канчатковае слова Бога: Любоў, якая стала чалавекам (…), міласэрная любоў Бога, які ўзяў на сябе ўсё зло свету, каб вызваліць нас ад яго панавання».
«Гэтае аблічча нагадвае шматлікія твары мужчын і жанчын, параненых жыццём, якое не шануе іх годнасці, — дадае Пантыфік. — Аднак жа аблічча на Плашчаніцы перадае вялікі супакой (…), быццам кажучы нам: вер, не губляй надзеі! Моц любові Бога, моц Уваскрослага пераможа ўсё». (AG)
|