Папа Францішак: будзем мець адвагу, каб несці людзям радасць уваскрасення Хрыста | Друк |
Слова Папы
03.04.2013 13:40

«Дазволім асвяціць сябе ўваскрасеннем Хрыста, дазволім перамяніцца Яго моцай, каб і праз наша пасрэдніцтва ў свеце знакі смерці саступілі месца знакам жыцця», — заахвоціў вернікаў Святы Айцец Францішак 3 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі. Папа паразважаў на гэты раз пра ўваскрасенне Хрыста — цэнтр хрысціянскага паслання.

Пантыфік адзначыў, што зараз «мы святкуем менавіта гэтую падзею: уваскрасенне Езуса, цэнтр хрысціянскага паслання, што гучала ад самага пачатку і было перададзена, каб дасягнуць нас». Папа ўзгадаў словы св. Паўла да Карынцянаў, калі апостал кажа, што «Хрыстус (…) памёр за нашы грахі, быў пахаваны і на трэці дзень уваскрос». «Гэтае кароткае вызнанне веры менавіта і абвяшчае пасхальную таямніцу, — дадаў Святы Айцец. — Без гэтай веры ў смерць і ўваскрасенне Езуса слабой была б наша надзея, яе нават не было б».

«Уваскрасенне адкрывае нас на вялікую надзею, адкрывае наша жыццё і жыццё свету на вечную будучыню Бога, на поўнае шчасце, на ўпэўненасць, што зло, грэх, смерць можна перамагчы, — заўважыў Пантыфік. — Гэта вядзе да большага даверу штодзённай рэчаіснасці, падыходу да яе з адвагай. Уваскрасенне Хрыста асвятляе новым святлом гэтыя штодзённыя рэаліі».

Папа адзначыў, што сведчанне веры ва ўваскрасенне Хрыста ў Новым Запавеце прадстаўляецца двума спосабамі: у форме вызнання веры, значыць кароткіх формулах, і ў форме апавяданняў аб уваскрасенні. Пантыфік засяродзіў увагу на другой форме і ўзгадаў, што першымі сведкамі ўваскрасення Хрыста былі жанчыны, якія прыйшлі да грабніцы, каб намасціць цела Езуса, і ўбачылі яе пустой. «Яны не могуць схаваць радасці, якая вынікае з ведання, што Езус жывы, з надзеі, што перапаўняе іх сэрцы, — дадаў Святы Айцец. — Гэта павінна праяўляцца і ў нашым жыцці. Мы верым ва Уваскрослага, які перамог зло і смерць! Будзем жа мець адвагу, каб „выйсці вонкі“, каб несці гэтую радасць і святло ва ўсе месцы нашага жыцця! Уваскрасенне Хрыста (…) — найкаштоўнейшы скарб. Як жа нам не дзяліцца з іншымі гэтым скарбам, гэтай упэўненасцю? Ён існуе не толькі для нас — але для таго, каб яго перадаваць іншым, дзяліцца з іншымі! На гэтым базуецца наша сведчанне!»

Папа звярнуў увагу таксама на тое, што ў вызнаннях веры Новага Запавету як сведкі ўваскрасення падаюцца толькі мужчыны, апосталы, але не жанчыны. Так здарылася таму, што «паводле іўдзейскага права жанчыны і дзеці не маглі лічыцца верагоднымі сведкамі». У той жа час у Евангеллях «жанчыны адыгрываюць ролю першага плану, фундаментальную», і ў іх паказана, што першымі сведкамі сталі менавіта жанчыны: «Гэты факт нам кажа, што Бог не выбірае паводле чалавечых крытэрыяў: першымі сведкамі нараджэння Пана сталі пастухі, людзі простыя і пакорныя, а першымі сведкамі ўваскрасення — жанчыны. І гэта цудоўна! (…) Місія жанчын-маці — сведчыць сваім дзецям, унукам, што Езус жыве, што Ён уваскрос».

Гэты факт, працягваў Папа, кажа таксама пра тое, што «жанчыны ў Касцёле і на шляху веры мелі і маюць асаблівую ролю ў адкрыванні брамаў для Пана, наследаванні Яго, перадачы Яго аблічча, бо позірк веры заўсёды патрабуе простага і глыбокага позірку любові».

«На нашым шляху веры важна ўсведамляць і адчуваць, што Бог нас любіць, і не баяцца Яго любіць: вера вызнаецца вуснамі і сэрцам, словам і любоўю», — падкрэсліў Пантыфік.

Заўважыўшы, што на плошчы Св. Пятра прысутнічае шмат моладзі, Святы Айцец заклікаў: «Нясіце ў свет гэтую праўду: Пан жыве і ідзе разам з намі па шляху жыцця. Гэта важная місія! (…) Нясіце ў свет сведчанне, што Ён жыве, і гэта дае нам надзею. Наперад, моладзь!»

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by