Папа Францішак: сёння Касцёл мае больш мучанікаў, чым у першыя стагоддзі | Друк |
Слова Папы
15.04.2013 20:06

«Паклёп знішчае Божую справу ў людзях», — падкрэсліў папа Францішак падчас Імшы ў капліцы Дома св. Марты 15 красавіка. Святы Айцец засяродзіў увагу на сцэне фальшывага абвінавачвання Сцяпана ў літургічным чытанні на гэты дзень.

Па словах Пантыфіка, якія прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, паклёп з’яўляецца нават нечым горшым за грэх. Ён нараджаецца з нянавісці, якая па сутнасці ёсць справай сатаны.

Папа звярнуў увагу, што Сцяпан, як сапраўдны сведка Хрыста, не спрабуе абараняцца насуперак абвінавачванням. Ён паслухмяны Божаму закону і Хрыстовай праўдзе. Як адзначыў Святы Айцец, так адбывалася і пазней у гісторыі Касцёла, калі шматлікія мучанікі давалі сваё сведчанне.

«Аднак часы мучанікаў не прамінулі, — дадаў Папа. — Сёння мы таксама можам сказаць, што Касцёл мае нават больш мучанікаў, чым у першыя стагоддзі. У Касцёле ёсць шмат людзей, якія падвяргаюцца абвінавачванням, якіх пераследуюць і забіваюць з нянавісці да Хрыста. Адзін забіты за тое, што вучыў Катэхізісу, іншы — за тое, што насіў крыж… А гэта нашы браты і сёстры, якія церпяць у гэтыя часы мучанікаў».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by